Свята, што вяртае да каранёў і духоўнасці

31.08.2024
681
На працягу ўжо больш за тры дзесяцігоддзі ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаюць нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства. Так склалася, што кожны год яно праходзіць у новым горадзе з багатай гістарычнай і духоўнай спадчынай. Напярэдадні 31-й гадавіны свята журналіст “Маяка” прапануе пазнаёміцца з фотаздымкамі з асабістага архіва і ўзгадаць, якія цікавыя помнікі і артаб'екты з'явіліся дзякуючы гэтай падзеі рэспубліканскага маштабу ў розных кутках Беларусі.

00ghxfghfxhfgc.jpg


Сярод усіх гарадоў, дзе на рэспубліканскім узроўні святкаваўся Дзень беларускага пісьменства, толькі старажытны Полацк, радзіма беларускага першадрукара Францыска Скарыны, прымаў яго тройчы. У 1994 годзе тут праходзіла самае першае вялікае свята. Дзясятае юбілейнае святкаванне Дня беларускага пісьменства ў 2003 годзе таксама праходзіла ў Полацку, а ў трэці раз рэспубліканскія мерапрыемствы былі прымеркаваны яшчэ і да 500-годдзя беларускага кнігадрукарства і 1155-годдзя Полацка.

Помнікаў, прысвечаных гісторыі пісьменства і кнігадрукарства, у Полацку шмат. Ёсць і цэлыя музеі. Сярод самых цікавых аб'ектаў такога кшталту — адзіны ў свеце помнік літары Ў. Ён сімвалізуе самабытнасць і ўнікальнасць беларускай мовы, бо такой літары няма больш ні ў адным алфавіце.

У 2013 годзе дваццаты Дзень беларускага пісьменства праходзіў у горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці. Невялікі гарадок адметны сваёй гісторыяй, помнікамі архітэктуры, у тым ліку Быхаўскім замкам, які зараз аднаўляецца. А падчас рэспубліканскага свята на яго плошчы з'явіўся помнік Баркалабаўскаму летапісу. Да гэтага часу ідуць спрэчкі адносна аўтара і часу стварэння гэтага ўнікальнага помніка беларускага летапісання, але яго каштоўнасць нельга пераацаніць. Гэта сапраўдная крыніца гісторыі Беларусі XVI-XVII стагоддзяў.

У суседнім з Быхавам Рагачове, які з‘яўляецца райцэнтрам ужо Гомельскай вобласці, Дзень беларускага пісьменства праходзіў у 2016 годзе. Горад, які меў важнае гістарычнае і культурнае значэнне ў старажытнасці, у больш блізкі для нас час быў цесна звязаны з імёнамі Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка, Міхася Лынькова. 

Сімвал, што знаходзіцца на гербе Рагачова, — залаты рог. І такую ж назву носіць узнагарода, якую штогод уручаюць заслужаным жыхарам, на справе даказаўшым любоў да роднага краю. Таму з'яўленне помніка рогу ў цэнтры горада можна назваць вельмі сімвалічным.

У Хойніках рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства праводзілася ў 2010 годзе. Тады ж у гарадскім парку побач з адрэстаўрыраванай сядзібай Аўраамавых была адкрыта скульптурная кампазіцыя “Людзі на балоце”, прысвечаная героям знакамітай “Палескай хронікі” Івана Мележа. Яна адразу ж стала адной з адметнасцяў горада і адным з культурных сімвалаў Палесся.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства прымае горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Ён таксама вядомы сваімі памятнымі мясцінамі, а яго літаратурная гісторыя цесна звязана з лёсам Піліпа Пестрака, пісьменніка і ўдзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. 

Мы ж можам шчыра падзякаваць усім, хто больш за тры дзесяцігоддзі рыхтаваў маштабныя мерапрыемствы, што так яскрава нагадвалі аб гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыне Беларусі.

dfkjgkfdjsdkjgkfdjkgsd (2).jpg

dfkjgkfdjsdkjgkfdjkgsd (3).jpg

dfkjgkfdjsdkjgkfdjkgsd (4).jpg

dfkjgkfdjsdkjgkfdjkgsd (5).jpg


Ірына Трыпузава. 
Фота аўтара.

Мы в соцсетях