У Агракамбінаце “Паўднёвы” справілі Зажынкі
Па старажытнаму беларускаму звычаю пачатку жніва ў нас заўсёды папярэднічае абрад Зажынак. Ён услаўляе нялёгкую сялянскую працу, хлебаробскую стараннасць і настойлівасць, якія заўсёды рабілі ніву шчодрай, багатай на важкі колас. Першымі ў раёне Зажынкі справілі ў ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы”.
Пятніца, 20 ліпеня, з самай раніцы выдалася пахмурнай з пробліскамі сонечных прамянёў. Таму абвешчанае напярэдад-ні хлебаробскае свята, здавалася,
будзе пад пагрозай зрыву. Між тым, прырода, а, магчыма, і вышэйшыя сілы нібыта злітаваліся над аграрыямі. І над полем ля вёскі Лапаціна развіднела, быццам хмары развялі рукамі. На ўскрайку поля — 8 камбайнаў маркі “Палессе” і адзін New Holland разам з экіпажамі. Да камбайнёраў звярнуўся дырэктар ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” Віктар Крышнёў:
— Усе мы ведаем цану хлеба. Таму давайце адказна ставіцца да свёй работы, беражліва да таго, што ў нас вырасла на палетках. Дай Бог нам добрага надвор’я, каб убраць ураджай.
Дарэчы, дагэтуль у гаспадарцы ўжо вялі выбарачнае жніво зерневых. Да абмалоту было вырашана прыступіць на плошчах, адведзеных пад пшаніцу. Сёлета яна займае 1535 гектараў — самая вялікая плошча гэтай культуры ў раёне. Першыя абмалочаныя гектары далі 36 цэнтнераў на круг.
Адзін з першых герояў сёлетняга жніва — вадзіцель Андрэй Мурашкін. На сваім МАЗе ён ужо перавёз першую тысячу тон збожжа ўраджаю 2018 года. Пачатак быў закладзены падчас уборкі азімага рапсу, якога ён перавёз 774 тоны. У дадатак пайшло перавезенае на зерняток зерне пшаніцы. Ад кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюзнага камітэта заслужаная ўзнагаро-да — Падзяка і прэмія ў памеры 5 базавых велічынь.
— Жадаем выканання намечаных асабістых планаў, матэрыяльнага дабрабыту, аптымізму, здароўя, усяго добрага Вам і вашым блізкім, — адзначыла, звяртаючыся да Андрэя Мурашкіна, старшыня прафкама ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” Марыя Дзюбчанка. — Кіраўніцтва і прафкам выказваюць надзею, што Вы і ў далейшым будзеце садзейнічаць нашай агульнай мэце — росквіту гаспадаркі і роднай Беларусі.
Спрадвеку чалавек ставіцца да зямлі, як да жывой істоты, якая можа чуць і спачуваць, адчуваць і разумець. У беларусаў абрад Зажынак носіць свой сакральны сэнс. Самая старэйшая кабета зажынае ахапку збожжа і робіць з яе “ляльку”, што становіцца пэўным абярэгам жніва. З другой ахапкі робіцца крыж. Жнейкі зажынаюць першы сноп, упрыгожваюць яго палявымі кветкамі і ўручаюць самаму паважанаму чалавеку.
Абрад Зажынак сёлета правялі жанчыны з Бабовіцкага СДК.
Па традыцыі, каравай з ураджаю мінулага года ўручылі кіраўніку прадпрыемства і камбайнёрам. Гэта як добры пачатак жніва, сімвал таго, што хлебаробская справа застаецца важнай і паважанай з года ў год.
Нездарма нашы продкі перад пачаткам кожнай вялікай работы ўслаўлялі Госпада, прасілі ў Бога бласлаўлення на працу, што вянчае сабою вялікі шлях ад пасяўной да ўборачнай. Айцец Уладзімір, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Яроміна, правёў малебен, акрапіў святой вадой экіпажы і тэхніку, даў сваё бласлаўленне вяскоўцам:
— Жадаю, каб Гасподзь дараваў поспехі ў вашай нялёгкай працы, здароўя, дапамогі і, вядома ж, каб дапасавала ў рабоце надвор’е. Гэта на сёння — самае актуальнае.
Святая справа — вырасціць хлеб. Пры гэтым важна не толькі добра наладзіць работу падчас жніва. Трэба паклапаціцца кіраўнікам і пра арганізацыю харчавання, каб людзі працавалі на хлебнай ніве шчыра і самааддана. Каб усе экіпажы гаспадаркі сталі тысячнікамі, а агульны намалот склаў не менш, як 9 тысяч тон. Прынамсі, у 2017 годзе такі паказчык у гаспадарцы быў дасягнуты. Тады крыху не хапіла да 10 тысяч тон. У выніку летась ў ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” агульны намалот зерневых і зернебабовых склаў 9905 тон пры сярэдняй ураджайнасці 38,7 цэнтнера з гектара. Гэта была самая высокая ўраджайнасць у раёне.
— У нас, як і ў мінулыя гады, занятых падчас жніва забяспечваюць двухразовым гарачым харчаваннем, — падкрэсліла намеснік дырэктара ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” Вольга Чаброва. — Пры гэтым, мы адзіная ў раёне гаспадарка, што двойчы на дзень корміць механізатараў бясплатна.
На плённую працу і добрымі песнямі натхняў хлебаробаў хор ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы”.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Аляксея НАРЭЙКІ
