У доме культуры вёскі Бярозкі прайшоў конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…”
Раз у два гады ў Гомельскім раёне праходзіць маштабнае свята фальклору “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. У мінулую суботу ў доме культуры вёскі Бярозкі прайшоў ужо сёмы конкурс-фестываль. Яго арганізатарамі выступілі райвыканкам і цэнтр культуры Гомельскага раёна.
У склад кампетэнтнага журы ўвайшлі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дырэктар цэнтра культуры Гомельскага раёна Ірына Чарнаруцкая. Прыняць удзел у яго рабоце запрасілі супрацоўнікаў абласнога цэнтра народнай творчасці Ірыну Глушэц і Людмілу Мельнікаву.
Як і раней, удзельнікі конкурсу-фестывалю дэманстравалі сваё веданне не проста нацыянальных, а мясцовых традыцый — стравы, абрадавыя дзеянні і песні, захаванне і распаўсюджанне традыцыйных рамёстваў і рукадзелля. На свята фальклору сабраліся жыхары Маркавіч і Яроміна, Цярэшкавіч і Бальшавіка, Рудні Марымонавай і Цагельні…
Пакуль майстры і кулінары рыхтавалі ў фае свае творчыя выставы, у глядзельнай зале журы ацэньвала выступленні мастацкіх калектываў. Асноўнае патрабаванне — тое, што адбываеццца на сцэне, павінна быць аўтэнтычным, характэрным толькі для пэўнай мясцовасці. Пажадана таксама, каб усё было запісана непасрэдна ад носьбітаў гэтых традыцый. Удзельнікі конкурсу-фестывалю гэтае патрабаванне выканалі поўнасцю. Таму вельмі цікава было паглядзець народныя абрады — зялёныя святкі (як яшчэ называюць Троіцу), зажынкі, купальскі вянок, Звязда і народна-побытавыя танцы ў выкананні артыстаў, па большай частцы аматараў, з вёсак Бярозкі, Рудня Марымонава, Маркавічы, Даўгалессе, пасёлка Бальшавік і аграгарадкоў Яроміна і Міхалькі.
Майстры і знаўцы мясцовай кухні з энтузіязмам і гонарам расказвалі пра свае мясцовыя традыцыі, з песнямі і жартамі запрашалі пачаставацца то маркавіцкімі блінцамі, то цярэшкавіцкім фаршыраваным шчупаком, пакаштаваць бальшавіцкую барабулю альбо цагельнянскія выпечку і нарыхтоўкі з гародніны. У той жа час майстры дэманстравалі вырабы, звязаныя кручком і спіцамі, вышыўку гладдзю і бісерам, размалёўку посуду, пляценне з кукурузнага шалупіння і газетных трубачак. Дырэктар дома культуры пасёлка Бальшавік Наталля Будзюхіна паказала скрынку, зробленую з газетных палос “Маяка”.
Усе канкурсанты былі дастойныя самых высокіх адзнак, аднак конкурс ёсць конкурс, таму былі вызначаны пераможцы ў некалькіх намінацыях.
Гран-пры конкурсу-фесты-валю, як пераможцы ў некалькіх намінацыях (“За лепшае веданне нацыянальных традыцый і іх захаванне”, “За арыгінальнасць стравы беларускай нацыянальнай кухні па традыцыйнаму рэцэпту сваёй мясцовасці”, “За адпаведнасць сцэнічнага касцюма нацыянальным народным традыцыям”), прысуджана творчаму калектыву Маркавіцкага сельскага дома культуры — сям’і Шыпковых. Віктар Шыпкоў, яго жонка і родныя выступілі з некалькімі нумарамі — па-першае, яны паказалі мясцовы маркавіцкі абрад ваджэння Звязды і ўслаўлення Нараджэння Хрыста, прапанавалі пакаштаваць маркавіцкія стравы. А яшчэ Віктар Шыпкоў вельмі зацікавіў усіх расказам пра маркавіцкі дзявочы і жаночы строй — як называліся рэчы, як іх упрыгожвалі і пра многае іншае.
Два першых месца — у намінацыі “За высокі ўзровень выканаў-чага майстэрства і мастацкі густ” і “За лепшую тэатралізацыю конкурснай праграмы і артыстызм” — прысуджаны народнаму вакальнаму ансамблю “Карагод” Яромінскай дзіцячай школы мастацт-ваў. Лепшым у намінацыі “За самую арыгінальную конкурсную праграму” прызнаны народны хор “Бярозкі” дома культуры вёскі Бярозкі, а ў намінацыі “За адпаведнасць вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці нацыянальным традыцыям” першае месца прысуджана Анастасіі Драбышэўскай (ва ўзросце да 17 гадоў) і цэнтру рамёстваў Гомельскага раёна.
Астатнія калектывы-ўдзельнікі конкурсу-фестывалю адзначаны дыпломамі другой і трэцяй ступеняў у розных намінацыях: аматарскае аб’яднанне “Душы перазвоны” і народны ансамбль народнай песні “Званіцы” Руднемарымонаўскага клуба-бібліятэкі, народны ансамбль народнай песні “Світанак” дома культуры пасёлка Бальшавік, ансамбль “Беларусачка” Даўгалескага клуба-бібліятэкі, народнае аматарскае аб’яднанне “Хозяюшка” Цярэшкавіцкага дома культуры, народны клуб майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Родник”. Асобна былі адзначаны і майстры Аляўціна Аванісян з Новай Гуты, якая прадставіла на конкурс вялікую колькасць аб’ёмных работ і вышыўкі з бісера, і вязальшчыца Лілія Курачова з Навагуцкага сельскага дома культуры.
— У параўнанні з мінулымі гадамі значна ўзрасла выканаўчая культура — у адпаведнай графе ацэначнага ліста ва ўсіх удзельнікаў стаялі самыя высокія азднакі, — расказвае ганаровы член журы Ірына Глушэц. — Яшчэ было вельмі прыемна, што амаль усе выканаўцы падрыхтавалі тэатралізацыю абрадаў і выконвалі песні, характэрныя для іх мясцовасці. Гэта надае конкурсу-фестывалю большую значнасць як спосабу захавання аўтэнтычнага фальклору. Канешне, былі варыяцыі на вядомыя народныя песні, але з мясцовым каларытам і слоўцамі. Напрыклад, сям’я Шыпковых з Маркавіч выканала дагэтуль невядомы варыянт вітальнай песні “Многая лета”. Спадабалася таксама выступленне калектыва “Карагод” з Яроміна. На далейшае жадаю будучым удзельнікам гэтага свята фальклору абапірацца на мясцовы матэрыял, а таксама больш увагі надаваць сцэнічнаму касцюму, які пажадана вырабіць у поўнай адпаведнасці з традыцыямі роднай вёскі альбо мясцовасці.
