У Мінску прайшла ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі»

08.05.2018
478

На працягу трох дзён, з 3 па 5 мая, калі, дарэчы, работнікі беларускага друку адзначаюць сваё прафесійнае свята, у Мінску працавала ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі". Актыўны ўдзел у ёй прынялі і газеты Гомельшчыны, у тым ліку і наш “Маяк”.

У традыцыйнай выставе, якая разгарнулася ў выставачным комплексе на плошчы больш за тысячу квадратных метраў, было прадстаўлена каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Упершыню на выставе былі прадстаўнікі Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. І, зразумела ж, выстава адлюстроўвала ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы нашай краіны: друкаваныя і аўдыёвізуальныя рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб'ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы. Праграма трох дзён была насычанай і разнастайнай. Яна ўключала ў сябе прэзентацыі, віктарыны, аўтограф-сесіі, майстар-класы, працавалі фотазоны... Асаблівы акцэнт на гэты раз быў зроблены на Годзе малой радзімы.

Новаўвядзенне сёлетняй выставы СМІ — Дзень рэгіянальнай прэсы, паколькі яна адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю. Ён быў 4 мая, і як раз прыпаў на прэзентацыю нашай газеты, хаця раённыя выданні Гомельшчыны былі прадстаўлены на працягу ўсіх трох дзён і па чарзе змянялі адзін аднаго. Галоўны рэдактар “Маяка” Лілія Вялічка расказала пра найбольш яркія старонкі гісторыі раённага выдання, чытала свае вершы, а потым разам з артыстам Навагуцкага сельскага дома культуры Віктарам Задарожным правяла віктарыну. Госці выставы актыўна адказвалі на пытанні, звязаныя з “Маяком” і Гомельскім раёнам, самыя актыўныя атрымалі прызы. Аказалася, что ўдзельнікі не толькі з лёгкасцю адказалі на пытанні, віртуальны філіял якога музея дзейнічае ў нас, якіх населеных пунктаў з названага рэдактарам спісу няма ў раёне, але і тое, што 80 гадоў таму наша раёнка насіла назву “Сталінскі сцяг”…

Яшчэ адна асаблівасць выставы — Дзень дзяцей і моладзі. Тэматычныя пляцоўкі працавалі ўвесь час, а 5 мая прайшла вялі-кая колькасць дзіцячых мерапрыемстваў.

Па традыцыі, на выставе «СМІ ў Белару-сі» ушаноўвалі пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара».

Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

 

Мы в соцсетях