У пачатку вясновых канікул адбыўся запіс фінала інтэлектуальнага шоу “Я ведаю”
У пачатку вясновых канікул адбыўся запіс фінала інтэлектуальнага шоу “Я ведаю” на тэлеканале “Беларусь 1”.
Тэлевізійнае спаборніцтва інтэлектуалаў, арганізаванае Белдзяржтэлерадыё-кампаніяй сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, складалася з многіх этапаў і доўжылася некалькі месяцаў.
У суперфінал трапілі 12 школьнікаў. Удзельнікаў з Гомельшчыны ў апошнім туры было толькі двое, і адзін з іх — гэта дзесяцікласнік ДУА “Брылёўская сярэдняя школа” Захар Гаўрусеў. Дарэчы, ён жа — адзіны прадстаўнік сельскіх устаноў адукацыі.
Па правілах, кожнага школьніка на конкурсе суправаджаў і падтрымліваў адзін з яго любімых педагогаў. Разам з Захарам на запіс тэлепраграмы ездзіла настаўнік геаграфіі Тамара Камрукова, якая падрыхтавала дзесяткі пераможцаў прадметных алімпіяд і конкурсаў.
— Безумоўна, у нас засталіся самыя цудоўныя ўражанні. Трапіць у суперфінал такога конкурсу — вялікі гонар. Пытанні, якія задавалі вучням, патрабавалі вялікай эрудыцыі, і датычылі самых розных сфер — ад фізікі да музыкі. Лічу, што ўсе фіналісты заслугоўваюць таго, каб называцца пераможцамі, — расказала Тамара Генадзьеўна.
Трэба дадаць, што адразу ж пасля конкурсу Захар адправіўся на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, дзе зноў будзе адстойваць гонар роднай школы і нашага раёна.
На здымку: Захар Гаўрусеў разам з вядучым тэлешоу “Я ведаю” Георгіем Калдуном.
Ірына Трыпузава.
Фота прадастаўлена ДУА “Брылёўская СШ”
