У“Сожскім беразе” праходзіць першая змена
У Гомельскім раёне працуюць адразу некалькі лагераў, дзе адпачывае і з карысцю бавіць вольны час на ўлонні прыроды дзятва з нашага рэгіёна. Тры з іх непасрэдна падпарадкоўваюцца аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэта — аздараўленчыя лагеры “Сожскі бераг”, “Чонкаўскі бор” і “Казачная паляна”. Зараз праходзіць першая змена.
З “Сожскім берагам” жыццё Марыі Зайцавай звязана ўжо 18 гадоў. Менавіта столькі часу яна з’яўляецца начальнікам лагера. Яго фінансаванне ажыццяўляецца за сродкі, што вы-дзяляе Гомельскае ўпраўленнне па аздараўленню і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. На рамонтныя работы па падрыхтоўцы лагера ідуць бюджэтныя сродкі з рахунка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Прыцягваюцца фінансы, заробленыя на рэспубліканскіх суботніках. Усё гэта дазваляе падтрымліваць у больш-менш прыстойным стане матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Дарэчы, “Сожскі бераг” — адзін са старэйшых лагераў рэгіёна. Тут і дагэтуль у добрым стане знаходзіцца адзін з першых карпусоў, што быў узведзены яшчэ ў далёкім 1946 годзе.
— З кожным годам, вядома, усё складаней гэта рабіць. Усе будынкі — драўляныя, — дзеліцца Марыя Мікалаеўна. — Аднак мы не наракаем. Падтрымліваем нашага “ветэрана” у належным стане. Я вам скажу болей. Нават пры мінулым гаспадары, “Гомельдрэве”, наш лагер не выглядаў так прыгожа, як зараз. Безумоўна, трэба ўкладваць вялікія сродкі. На жаль, спонсараў у нас няма.
Тэрыторыя лагера дагледжаная, чыстая. Тут паўсюдна шмат кветак. Невыпадкова “Сожскі бераг” становіцца аб’ектам наведвання і пераймання вопыту работы з аналагічных устаноў нашага рэгіёна. У першую змену адпачываюць 190 дзяцей. Зараз налічваецца 11 атрадаў, у якіх ад 20 да 25 рабят. Фарміраванне ажыццяўляецца па ўзроставым прынцыпе: ад 6 да 10 гадоў, ад 11 да 13 і старэйшыя. За кожным атрадам замацаваны 4 выхавацелі. А ўсяго іх 32. Гэта педагогі з абласнога цэнтра, а таксама студэнты — будучыя настаўнікі, якія навучаюцца ў профільных установах адукацыі нашай вобласці. Прычым, многія з іх працуюць у лагеры не першы сезон. Тут сапраўды для кожнага з іх ёсць магчымасць раскрыць усе свае педагагічныя здольнасці і прымяніць іх непасрэдна на практыцы. Для дзятвы дзейнічаюць 3 гурткі па інтарэсах. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца аб’яднанне “Папяровая фантазія”, якім кіруе Паліна Мураў’ёва. Тут са звычайнай паперы вырабляюць сапраўдныя цуды. Нават аб’ёмныя падзелкі, прычым, выкананыя ў самых розных тэхніках.
З падлеткамі працуе вопытны педагог-псіхолаг Алена Драздова. Яна праводзіць самыя разнастайныя трэнінгі. Сярод іх — “Супрацоўніцтва”, “Знаёмства”, “Канструктыўнае ўзаемадзеянне” і шэраг іншых. У сучасных умовах, калі дзятва занятая віртуальнай рэчаіснасцю, звычайных кантактаў, натуральных адносін ім, відавочна, не хапае. А таму развіццё падобных камунікатыўных здольнасцяў тут лічаць вельмі важным. Ла-дзяцца конкурсы атрадных куткоў, агляд эмблем, па выніках якіх і ўзнагароджваюць лепшых. Цяперашняя дзятва хоча не проста адпачываць, але праводзіць канікулы як мага разнастайна, цікава і карысна. У лагеры выпускаецца ўласная газета. Яна выходзіць два разы за змену. На пачатку заезда і па выніках 20-ці дзён знаходжання дзятвы ў лагеры. Кіраўніцтва лагера змагло набыць для рабят пілоткі і футболкі з лагатыпам лагера. Іх апранаюць на святочныя агульналагерныя мерапрыемствы.
У “Сожскім беразе” харчаванне пяціразовае — снеданне, абед і вячэра, полудзень і другая вячэра. У меню абавязкова прадугледжаны натуральныя сокі, садавіна.
Праграма кожнага дня адпачынку для дзятвы ўключае ў сябе разнастайныя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, віктарыны, забаўляльныя гульні з улікам кожнай ўзроставай катэгорыі: ад самых маленькіх да падлеткаў. Рызынкай тут лічаць сваё ноў-хаў — штодзённыя ранішнія музычныя спеўкі. Яны пачынаюцца адразу пасля снедання. “Сожскі бераг злева, Сожскі бераг справа, “Сожскі бераг” — сіла! “Сожскі бераг” — слава!... ” — так гучаць першыя словы песні-гімна.
У “Сожскім беразе” мы пазнаёміліся і са “старажылам”. Гэта — 13-гадовая Аляксандра Рыжанкова. Навучэнка гомельскай гімназіі № 71 імя Гааза 14 змен правяла менавіта ў гэтым лагеры. Тут нават жартуюць, што дзяўчыну варта занесці ў кнігу рэкордаў Гінэса.
— Пуцёўкі мне набываюць бацькі. Калі даюць магчымасць выбіраць лагер, дык я заўсёды еду сюды, — гаворыць Аляксандра. — Адзін з плюсаў — пад’ём у нас тут у 8 гадзін раніцы, у адрозненні ад іншых. З самай раніцы мы ведаем расклад заняткаў і мерапрыемстваў на дзень. Тут цікава. Кожны раз новыя важатыя, з імі крэатыўна. І самае галоўнае, што людзі тут добрыя.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА
