Валянціна Сяркова - улюбёная ў кнігу
Валянціна Сяркова, сама ўлюбёная ў кнігу, выхавала не адно пакаленне чытачоў, закаханых у друкаванае слова. Бібліятэчны стаж у Валянціны Іванаўны — больш за 40 гадоў. Увесь час яна працавала ў Лапацінскай сельскай бібліятэцы, і дагэтуль не можа пакінуць любімую справу.
Работа бібліятэкара — не столькі праца з кніжным фондам і выдача літаратуры: гэтыя функцыі, хоць і асноўныя, але ж не адзіныя. Бібліятэкар,
асабліва ў сельскай мясцовасці, калі ён яшчэ і апантаны чалавек, даволі хутка надае сваёй установе культуры пэўны накірунак. Валянціна Іванаўна захапляецца беларускай культурай, краязнаўствам і фальклорам. У бібліятэцы створаны этнаграфічны музей, дзе Валянціна Сяркова
праводзіць цікавыя мерапрыемствы для чытачоў рознага ўзросту і расказвае пра побыт і звычаі продкаў.
Аднак больш увагі надае мяцовым асаблівасцям. Яна мае рацыю, калі лічыць, што заўсёды цікава даведацца, альбо ўзгадаць, якія стравы гатавалі на святы ці ў пост і чаму менавіта такія, якія абрады і песні прысвячаліся розным святам. А вясковым жыхарам у час хуткага развіцця інфармацыйных тэхналогій можна нагадаць, для чаго служылі прылады і прадметы, якія абавязкова прысутнічалі ў кожнай вясковай хаце і гаспадарчых памяшканнях.
Валянціна Сяркова не перапыняе сваёй даследчай дзейнасці і дагэтуль, дапаўняе экспазіцыю новымі экспанатамі. Пашыраецца і багатая ка-
лекцыя аўтэнтычных песень — калыханак, абрадавых і іншых. Бібліятэкар таксама дбайна запісвае і захоўвае рэцэпты страў, характэрных для Лапаціна і бліжэйшых населеных пунктаў, а падчас розных мерапрыемстваў дзеліцца імі з аднавяскоўцамі. Не менш увагі Валянціна Іванаўна надае патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, прывіццю пачуцця эстэтыкі, прапагандзе здаровага ладу жыцця і экалагічных ведаў — усім напрамкам, па якіх увогуле працуе бібліятэчная сістэма раёна.

Як чалавек творчы, яна прадумала да падрабязнасцей інтэр’ер бібліятэкі, з густам аформіла тэматычныя куткі — дзіцячай літаратуры, на тэму экалогіі, краязнаўчы і іншыя, якія прыцягваюць увагу чытачоў. Акрамя таго, Валянціна Сяркова сабрала вакол сябе аднадумцаў, і зараз пры бібліятэцы працуюць два аматарскіх аб’яднанння — жаночы клуб “Здравушка”, у які ўваходзяць працаўніцы сельскай гаспадаркі, і дзіцячы літаратурны клуб “Ветразь”.
Бібліятэкар таксама цесна супрацоўнічае з мясцовым сельскім домам культуры, разам з яго загадчыцай Анжэлай Аўбакіравай рыхтуе разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы. Валянціна Сяркова даволі часты госць і ў Лапацінскай сярэдняй школе, дзе праводзіць з вучнямі цікавыя сустрэчы і расказвае ім пра кнігі і іх аўтараў, значныя літаратурныя падзеі.
Валянціна Іванаўна займае і актыўную жыццёвую пазіцыю: з’яўляецца старшынёй пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” пры Пакалюбіцкім сельвыканкаме, некаторы час была засядацелем народнага суда Гомельскага раёна, і больш 30 гадоў аднавяскоўцы выбіралі яе сваім прадстаўніком ў сельскі Савет дэпутатаў. За добрасумленную працу Валянціне Сярковай не аднойчы ўру-
чалі Ганаровыя граматы Гомельскага райвыканкама, абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна. Прозвішча Валянціны Іванаўны неад-
наразова заносілі на раённую Дошку гонару.
Ірына ГАЛАВАЧОВА.
Фота Аляксея НАРЭЙКІ.
