Яромінская сярэдняя школа — адзін з лідэраў па колькасці членаў БРСМ і БРПА на Гомельшчыне

08.06.2018
472

Яромінская сярэдняя школа — адзін з лідэраў па колькасці членаў БРСМ і БРПА на Гомельшчыне. Добрыя традыцыі актыўнай дзейнасці ў дзіцячых і маладзёжных аб’яднаннях тут былі закладзены значна раней.

Камсамолка-актывістка 70-х гадоў Таццяна Серафімаўна Макушэнка па просьбе “Маяка” падзялілася ўспамінамі аб тых часах. Яна шмат зрабіла для таго, каб камсамольскі і піянерскі рух сярод яромінскіх школьнікаў не быў простай фармальнасцю.

Сваё першае ў жыцці працоўнае месца я атрымала па накіраванню Гомельскага райкама камсамола. Так, як вучылася на завочным аддзяленні Гомельскага дзяржуніверсітэта, мяне накіравалі ў Яромінскую школу старшай піянерважатай.

Школа тады размяшчалася ў невялікім будынку, але вучняў у ёй было разы ў два больш, чым зараз. Мяне чакала вельмі вялікая дружына. Хлопчыкаў і дзяўчынак трэба было зацікавіць, натхніць карыснымі справамі. Першы год стаў пэўнай праверкай на вынослівасць. Але я вельмі любіла дзяцей і не баялася работы. Дарадцамі і настаўнікамі для мяне сталі намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Людміла Паўлаўна Банькова і бібліятэкар Лія Леанідаўна Чэркашына, з якімі мы вырашалі ўсе арганізацыйныя пытанні.

З самага пачатку ў нас склаліся добрыя адносіны з мясцовай гаспадаркай — перадавым калгасам імя XXII з”езда КПСС. У школы не было сваёй актавай залы, таму буйныя мерапрыемствы мы праводзілі ў сельскім доме культуры, якім кіравала Антаніна Пракоф”еўна Калачова — жонка старшыні калгаса, Героя Сацыялістычнай Працы Мікалая Пятровіча Хаванскага. Да святаў і пасяджэнняў рыхтаваліся з вялікім стараннем — акрамя ўсяго іншага, хацелася з добрага боку паказаць сябе перад Антанінай Пракоф”еўнай, якой было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

Гаспадарка падтрымлівала на-шы пачынанні, а мы, камсамольцы і піянеры, заўсёды ўдзельнічалі ў мерапрыемствах калгаса. Дапамагалі арганізоўваць свята ўраджаю, ўшаноўваць перадавікоў. Прайшло 40 гадоў, а я дагэтуль памятаю яромінскія працоўныя дынастыі, імёны лепшых працаўнікоў, якіх тады віншавалі.

Камсамол непасрэдным чынам паўплываў на маё асабістае жыццё. Школьная камсамольская пярвічка ўваходзіла ў склад калгаснай, якую узначальваў Алег Макушэнка, галоўны інжынер гаспадаркі. Мы пазнаёміліся на сумесных мерапрыемствах і праз нейкі час ажаніліся, разам — ужо больш за 40 гадоў.

Алег Мікалаевіч, як камса-мольскі лідэр, часта сустракаўся са школьнікамі. Выхаваўчым момантам былі не толькі яго гутаркі пра дасягненні калгаса, але, я лічу, і яго ўласны прыклад. Алег рана страціў бацьку, яго маці сама выгадавала трох дзяцей. Ён — мясцовы хлопец, па накіраванню калгаса скончыў сяльгасакадэмію і вярнуўся сюды ў якасці галоўнага інжынера. Гэта быў добры ўзор таго, чаго можна дабіцца сумленнай працай і ініцыятыўнасцю, нават не маючы асаблівай падтрымкі.

Дарэчы, сваю першую кватэру, якую выдзеліў калгас, мы дзялілі з другой маладой сям”ёй — таксама камсамольскай. Так тады вырашалася жыллёвае пытанне. Аднак цесната нас не засмучала, наадварот, мы вельмі дружылі і дапамагалі адзін аднаму.

Наша дружына насіла і дагэтуль носіць імя гераічнай ураджэнкі Яроміна — камсамолкі Ларысы Васільевай. Гэта даволі рэдкі выпадак, калі дружыне прысвойвалася імя менавіта зямлячкі. Яна ў 16 гадоў паехала ў Маскву вучыцца на медсястру, а калі пачалася вайна “дадала” сабе год узросту, каб трапіць на фронт. Затым стала разведчыцай. Калі дзяўчына трапіла ў засаду, фашысты паднялі яе на штыкі, доўга катавалі, а пасля смерці некалькі дзён не дазвалялі пахаваць.

Ларыса — “яромінская Зоя Касмадзям’янская”. Падрабяз-насці аб яе подзвігу на радзіме даведаліся, калі прыйшло пісьмо ад піянераў  з сяла Папкова, што на Браншчыне, дзе загінула наша зямлячка. Мы перапісваліся з рабятамі з гэтай школы, часта наведвалі маці гераічнай разведчыцы Кацярыну Данілаўну, запрашалі на мерапрыемствы сясцёр Ларысы.

Прыемна, што памяць аб подзвігу воінаў Вялікай Айчыннай вайны захавалася ў нашых былых вучняў, якія перадаюць яе сваім дзецям. Гэта відаць нават у простых, будзённых рэчах. Напрыклад, на мясцовых могілках пахаваны былы дырэктар школы Фёдар Іларыёнавіч Дудаль. Ён пайшоў на фронт разам са сваімі вучнямі. З той групы жывымі, акрамя яго, вярнуліся толькі трое. На магілцы Фёдара Іларыёнавіча стаіць невялікі помнік с чырвонай зоркай. Калі прыходжу сюды на Радуніцу, бачу, што яна заўсёды акуратна прыбраная,час ад часу помнік рамантуецца. Гэта справа рук дзяцей і ўнукаў тых, хто вучыўся ў дырэктара-франтавіка. Яны робяць гэта не ў рамках нейкіх акцый, а па патрабаванню сэрца.

Адной з адметнасцей Яромінскай школы ў 70-я гады была актыўная дзейнасць клуба інтэрнацыянальнай дружбы. Традыцыя сябраваць са школьнікамі з іншых рэспублік і сацыялістычных краін тады толькі зараджалася. У нас КІД арганізаваўся, дзякуючы намаганням настаўніка замежнай мовы Пятра Сяргеевіча Кашанскага, які задзейнічаў для гэтага і свае асабістыя сувязі. Сябравалі з рабятамі з эстонскага пасёлка Кохіла і літоўскага мястэчка Картэна. Па чарзе праводзілі фестывалі дружбы  Дзяцей з Прыбалтыкі прымалі ў сем'ях, таму нашы вяскоўцы рыхтаваліся да прыезду гасцей не адзін месяц. Цяпер я разумею важнасць такой ініцыятывы ў тыя гады. Адносіны з прыбалтыйскімі рэспублікамі былі няпростымі, а такія нефармальныя зносіны дапамагалі людзям зламаць стэрэатыпы.

Выдатна, што ў нашай Яромінскай школе аднавілі традыцыю правядзення піянерскіх кастроў. У наш час гэта было незабыўнай падзеяй, якой чакалі цэлы год. Усе прыгожа апраналі-ся, спявалі піянерскія песні, удзельнічалі ў спа-борніцтвах, прызы для якіх выдзяляў калгас, арганізоўваўся імправізаваны буфет. Для дзяцей, якія мелі не так шмат забаў, гэта было незабыўным святам.

У якасці старшай піянер-важатай я адпрацавала каля сямі гадоў, а потым пайшла настаўнічаць. З цеплынёй успамінаю той час, поўны энтузіязма і цікавых падзей. Наша дружына лічылася адной з лепшых у вобласці, а па некаторых пазіцыях і ў рэспубліцы. Піянеры імкнуліся стаць камсамольцамі, бо калектыў аднадумцаў шмат добрага прыносіў у жыццё, даваў адчуванне сяброўскага пляча і адкрываў новыя перспектывы. Вельмі хочацца, каб сучасная моладзь, так як і мы, не баялася працы і імкнулася к дастойным вяршыням.

Ірына Трыпузава

Фота з архіва Яромінскай сярэдняй школы

Мы в соцсетях