Мы в соцсетях

Іван Пятровіч Шамякін — адзін з беларускіх літаратараў, якіх называлі класікамі яшчэ пры жыцці. Хоць нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Карма Добрушскага раёна, сэрца яго было аддадзена нашай Церусе. У дзень 100-гадовага юбілею знакамітага празаіка, мы перагорнем старонкі яго біяграфіі, звязаныя з Гомельскім раёнам.

Сваю музу сустрэў у школе

Расказваючы аб дзяцінстве, Іван Шамякін адзначаў: “Пайшоў у школу ў Церуху — ў сяло, якое ўвайшло ў маю біяграфію больш трывала, чым Карма”. Першае знаёмства з гэтымі мясцінамі адбылося ў 1933 годдзе, калі бацьку будучага літаратара, лесніка па прафесіі, перавялі з абходу пад Краўцоўкай у Епіфань. Бліжэйшая школа была ў Церусе, сюды хлопчык і паступіў у пяты клас.

IMG_524420.JPG

— Правучыўся ён тут нядоўга — менш года, але наша вёска назаўсёды ўвайшла ў жыццё Івана Шамякіна. У Церусе ён пачаў сваё творчае развіццё, а галоўнае, пазнаёміўся з аднакласніцай Машай Кротавай, якая пазней стала яго жонкай і натхніла на стварэнне многіх цудоўных жаночых вобразаў, — расказала намеснік дырэктара Цярухскай СШ Алена Антропава. — Менавіта Марыі Філатаўне была прысвечана аповесць “Непаўторная вясна” з трылогіі “Трывожнае шчасце” і адзін з апошніх твораў пісьменніка — “Слаўся, Марыя!”.

IMG_533230.JPG

Пасля нядоўгага школьнага знаёмства Іван і Марыя выпадкова сустрэліся ў Гомелі праз некалькі гадоў, калі ўжо вучыліся ў тэхнікумах. Менавіта тады пачалася гісторыя гэтага вялікага кахання. У 1940 годзе яны пажаніліся, а за два тыдні да пачатку Вялікай Айчыннай вайны нарадзілася іх першая дачка.

У ваенны час Іван Пятровіч служыў у артылерыі, а Марыя Філатаўна перажыла акупацыю ў роднай вёсцы. Пасля вайны яны пэўны час, з 1945 па 1947 гады, працавалі ў Гомельскім раёне — ў вёсцы Пракопаўка. Шамякін быў настаўнікам, а яго жонца — загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта.

Пасля першых літаратурных вопытаў таленавітага празаіка заўважылі і зап-расілі ў Мінск — займацца літаратурна-выдавецкай справай. Але сувязь яго з нашым раёнам на гэтым не скончылася.

Месца творчасці і натхнення

У 50-х гадах у Церусе з’явілася дача Шамякіных. Уласна, зруб пад яе быў зроблены яшчэ тады, калі Іван Пятровіч працаваў настаўнікам. А пазней жонка прапанавала на Сталінскую прэмію, атрыманую за раман “Глыбокая плынь”, завяршыць будаўніцтва і паставіць дом побач з хатай яе бацькоў.

77776.jpg

Шамякіны вельмі любілі гэтае месца і прыязджалі сюды кожнае лета. Іван Пятровіч казаў: “Дача — ў Ждановічах, хата — ў Церусе”. Падкрэсліваў, што дом у Гомельскім раёне для яго не проста месца адпачынку, а сапраўдны сямейны ачаг, крыніца творчасці і натхнення. Менавіта тут былі створаны раманы “У добры час”, “Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”.
У 1960 годзе ў цярухскім доме Шамякіных нават адбыліся здымкі кінафільма. Рэжысёр Мікалай Фігуроўскі, вядомы як стваральнік фільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, выбраў яго ў якасці натуры для сваёй новай кінастужкі “Веснавыя навальніцы”. Дарэчы, ў якасці дэкарацыі да хаты тады была прыбудавана дадатковая веранда.

IMG_0344464.jpg

З адкрытым сэрцам —к землякам

Прыязджаючы ў Церуху, Іван Шамякін часта наведваў школу, ў якой некалі вучыўся, размаўляў з настаўнікамі і вучнямі. А ў сярэдзіне 60-х нават пасадзейнічаў будаўніцтву і адкрыццю новага школьнага будынка.

У апошнія гады жыцця пісьменніка школа таксама падтрымлівала з ім сувязь: дзеці пісалі лісты Івану Пятровічу, віншавалі са святамі. У рамках навукова-даследчай работы яны сабралі шмат цікавых звестак аб ролі Церухі ў творчым жыцці пісьменніка. Асабістыя рэчы Шамякіна, кнігі, што належалі яму, і зараз захоўваюцца ў школьным музеі.

Дарэчы, паездкі Івана Пятровіча ў Гомельскі раён мелі і больш афіцыйны характар: ён праводзіў творчыя сустрэчы, прадстаўляў свае новыя творы. Адно з такіх мерапрыемстваў адбылося ў сярэдзіне 80-х гадоў, калі Шамякін прэзентаваў раман “Вазьму твой боль”перад працаўнікамі калгаса імя Леніна.

Фелікс Шэрман, які ў той час быў сакратаром парткама гаспадаркі, успамінае, што пісьменнік з вялікай цікавасцю знаёміўся з Пакалюбічамі, калгасам і мясцовым музеем, ахвотна адказваў на пытанні вяскоўцаў, падпісваў для іх кнігі.

— Маё ўласнае знаёмства з Іванам Пятровічам было яшчэ больш даўнім. У 60-х гадах летам я падпрацоўваў у піянерскім лагеры “Лясная казка” ў Чонках. Неяк мы з дзецьмі адправіліся ў паход і праз лес выйшлі да Церухі. Апынуліся якраз каля дачы Шамякіна. Гаспадар быў дома, яго жонка варыла варэнне, але нягледзячы на хатнія справы, яны з задавальненнем прынялі нечаканых гасцей, якіх было не менш за 20 чалавек, — падзяліўся Фелікс Ісакавіч. — Думаю, нават такі эпізод шмат гаворыць аб чалавечых якасцях нашага класіка…

У год юбілею Івана Шамякіна яго творы перачытваюць асабліва часта. На прыкладах герояў вучацца шчырасці і мужнасці, абагачаюць духоўны свет і думаюць над вечнымі пытаннямі. А для нас творчасць пісьменніка блізкая яшчэ і тым, што Гомель і Гомельскі раён знайшлі сваё адлюстраванне ў многіх яго знакамітых раманах і аповесцях.

IMG_525542.jpg

Ірына ТРЫПУЗАВА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.

100 гадоў са дня нараджэння Іван Шамякіна: Цярухскі след ў жыцці класіка беларускай літаратуры
Прочитано 1413 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика