Мы в соцсетях

Аператыўная зводка Савінфармбюро ад 21 верасня 1943 года ўтрымлівала паведамленне аб паспяховым фарсіраванні Дняпра і Сожа і вызваленні першых населеных пунктаў Гомельскай вобласці — Камарына, Церахоўкі, Веткі і іншых. Гэта дазволіла Чырвонай Арміі пачаць непасрэдную падрыхтоўку да баёў за абласны цэнтр, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Гомельска-Рэчыцкая аперацыя.  

У гэтай наступальнай аперацыі войскаў Беларускага фронту (камандуючы — генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі — на здымку ў цэнтры), праведзенай з 10 па 30 лістапада 1943 года, удзельнічалі восем армій, адна з іх — 16-я паветраная. На подступах да абласнога цэнтра гітлераўцы пабудавалі моцную лінію абароны, падагналі вялікую колькасць танкаў і артылерыі. Дзеянні наземных войскаў актыўна падтрымлівала і авіяцыя.

27 верасня вызвалены першыя вёскі Гомельскага раёна — Займішча, Будзі-шча, Пракопаўка, Чарацянка, Макаўе і Маркавічы. На наступны дзень — чыгуначныя станцыі Зябраўка, Церуха і шэсць населеных пунктаў — Баштан, Каралін і іншыя.

У выніку жорсткіх баёў з 11 па 17 кастрычніка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалены Новыя Дзятлавічы, Раманавічы, Улукаўе, Чонкі, Сяўрукі. Да канца таго ж месяца ад ворага ачысцілі ўсю левабярэжную частку Гомельскага раёна. Гэта і стала плацдармам для наступлення на Гомельскім напрамку.

У кастрычніку 1943 года ў друкарні газеты “Сталінскі сцяг” выйшаў у свет першы пасля амаль двухгадовага перапынку нумар раённай газеты, дзе друкуюцца зводкі з усіх франтоў. У нумары ад 7 лістапада 1943 года, прысвечаным 26-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, гаворыцца: “За 5 лістапада нашы войскі на ўсіх франтах падбілі і знішчылі 141 нямецкі танк. У паветраных баях агнём зенітнай артылерыі збіта 57 самалётаў праціўніка”.

Нягледзячы на моцнае супраціўленне ворага, савецкія войскі пакрысе рухаліся да абласнога цэнтра, вызваляючы ўсё новыя і новыя населеныя пункты Гомельскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вечарам 25 лістапада Чырвоная Армія наблізілася да Гомеля. Гітлераўскія войскі пачалі адступленне з міжрэчча Сожа і Дняпра.

26 лістапада 1943 года вызвалены першы абласны цэнтр Беларусі — горад Гомель, а на наступны дзень — і ўвесь Гомельскі раён. Актыўную дапамогу рэгулярным войскам у вызваленні роднага краю ад ворага аказалі мсціўцы Гомельскага і Палескага партызанскіх злучэнняў.

У данясенні камандуючаму Беларускага фронта Канстанціну Ракасоўскаму гаворыцца: “Войскі 11 арміі пасля шматдзённых жорсткіх баёў сёння, 26 лістапада 1943 года, авалодалі абласным цэнтрам Беларускай ССР горадам Гомель, буйным вузлом камунікацый і важным апорным пунктам абароны немцаў на правым беразе ракі Сож”. У той жа дзень 20-цю артылерыйскімі залпамі з 224 пушак Масква салютавала войскам Беларускага фронту, якія вызвалілі Гомель ад ворага.

Праз месяц, 26 снежня, у Гомелі адбыўся ўрачысты мітынг, падчас якога была выказана глыбокая падзяка ўсім байцам і камандзірам Чырвонай Арміі за вызваленне Гомеля ад ворагаў.

Добрая памяць аб подзвігу салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў захоўваецца і дагэтуль. У Гомельскім раёне знаходзяцца дзясяткі брацкіх магіл і воінскіх захаванняў, помнікаў загінуўшым пры вызваленні Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У баях за вызваленне Гомельшчыны загінулі каля 22 тысяч байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі… Памятаюць жыхары раёна і пра землякоў, якія загінулі ў барацьбе з ворагам, — іх імёнамі названы вуліцы населеных пунктаў, аб іх подзвігу расказваюць падрастаючаму пакаленню.

89tyheraogfid.jpg

Ірына ГАЛАВАЧОВА

Фота з архіва Андрэя ФЕАКТЫСТАВА

Гомель i Гомельскi раён: хронiка вызвалення
Прочитано 1021 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика