Мы в соцсетях

Вёска Грабаўка назаўжды застаецца ў сэрцы тых, хто аднойчы тут пабываў. Непаўторная і ўнікальная зямля хавае шэраг цікавых і таямнічых загадак і легенд, якія ўраджэнцы Гомельшчыны адлюстравалі на старонках сваіх паэтычных і празаічных твораў. Вось у такі старажытны і поўны таямніц куточак Гомельскага раёна і наведалася журналіст “Маяка”. У ролі экскурсавода выступіла карэнная грабаўчанка, дырэктар мясцовай установы адукацыі Таццяна Мацюшэнка.

Ад дрэва ці па роду заняткаў? Першае пытанне, якое я задала заснавальніцы школьнага гісторыка-этнаграфічнага музея Таццяне Мацюшэнка, — адкуль жа пайшла назва вёскі.

— Не паверыце, аднак існуе не менш 5 гіпотэз яе стварэння. Дарэчы, у пісьмовых крыніцах Грабаўка ўпамінаецца ўжо ў 1762 годзе ў якасці буйнога паселішча — як частка вялікага маёнтка каталіцкага роду Фашчаў.

Па-першае, і гэта самая распаўсюджаная версія, — ад вялікіх лясоў, пераважна з грабу, пасярод якіх узнікла паселішча беглых старавераў. У сярэдзіне XVII стагоддзя, калі пачаліся ганенні на праваслаўных старога абраду ў Расійскай імперыі, многія людзі вымушаны былі ратаваць сябе і свае сем’і, шукаць глухія куточкі на ваколіцах дзяржавы расійскай. Дагэтуль у Грабаўцы захаваліся рэшткі вясковых могілак, якія падзяляюцца на дзве часткі, дзе хавалі памерлых па новаму і старому царкоўным абрадам. Другая версія ўзнікнення назвы — па роду заняткаў. У ваколіцах вёскі было шмат гліны, з якой працавітыя жыхары выраблялі шматлікія рэчы. У Грабаўцы нават у пачатку мінулага стагоддзя дзейнічаў невялікі цагляны завод.

D88SC_-020_12.JPG

— Дык вось тых, хто здабываў гліну, звалі грабарамі, — распавядае Таццяна Мацюшэнка. — Магчыма, назва вёскі бярэ свой пачатак ад роду заняткаў яе жыхароў? Існавала яшчэ адна версія, не вельмі для нас прыемная: мабыць, у ваколіцах паселішча часта грабілі людзей.

Некаторыя вучоныя выказваюць меркаванне, што вёска “пераняла” назву ад рачулкі, што працякае побач, аднак аматар-гісторык гэтую версію не падтрымлівае.

— Хутчэй, наадварот, — упэўнена Таццяна Ігараўна.

Як жылі нашы продкі 

Якія асноўныя заняткі былі ў жыхароў Грабаўкі? На гэта пытанне адказ можна знайсці ў школьным гісторыка-этнаграфічным музеі.

— Ідэя стварыць музей, дзе можна захаваць багацейшую гісторыю роднай вёскі, з’явілася ў мяне, калі я працавала ў школе піянерважатай. Шмат матэрыялаў для яго сабрала былы настаўнік гісторыі Вольга Барысавец. На жаль, з-за адсутнасці памяшкання большую частку экспанатаў яна перадала ў абласны музей, і калі ў 2002 годзе з’явілася магчымасць адкрыць экспазіцыю, у нас аказалася не так шмат арыгіналаў дакументаў, толькі фотакопіі. А вось драўляныя і цагляныя рэчы, якія тут знаходзяцца, мы знайшлі ў нашых аднавяскоўцаў. Частку экспанатаў землякі перадалі самі.

Большая частка музейнай экспазіцыі прысвечана традыцыйным рамёствам жыхароў вёскі. Перш за ўсё — вырабам з дрэва, асабліва граба. Тут ёсць карэц (коўшык для вады), лыжкі — простыя і распісныя, маслабойкі, бочкі, драўляныя прасы і іншыя рэчы. Аднак паўсядзённае ўжыванне некаторых ужо патрабуе асаблівага тлумачэння экскурсавода.

D88SC_-020_20.JPG

D88SC_-020_14.JPG

D88SC_-020_13.JPG

— Вось глядзіце: бочачка ў форме трапецыі з носікам, як у чайніка, і маленькай драўлянай затычкай, — дэманструе Таццяна Ігараўна. — Калісьці гэта быў посуд для захавання масла алею
альбо іншых вадкасцей. Яго адмысловым спосабам падвешвалі за ручкі, і калі  было трэба, проста злёгку нахілялі — з носіка цякла вадкасць.

Другі від традыцыйнай дзейнасці грабаўчан — вырабы з гліны: разнастайны посуд, які карыстаўся вялікім попытам на кірмашах. Дарэчы, майстэрства жыхароў Грабаўкі было высока ацэнена ў пачатку мінулага стагоддзя — яны былі ў ліку муляроў, якія будавалі  Маўзалей Уладзіміра Леніна ў Маскве.

D88SC_-020_9.JPG

D88SC_-020_21.JPG

— Калі мужчыны займаліся больш цяжкімі відамі працы, жанчыны прысвячалі сябе хатнім справам і стварэнню ўтульнасці ў доме: ткалі, вышывалі, шылі прыгожыя рэчы, — адзначыла экскурсавод. — Адна музейная экспазіцыя прысвечана тканым рушнікам, якія суправаджалі чалавека ад нараджэння да самай смерці. Народзіцца дзіцятка — яго прымаюць на рушнік, узор якога роўны росту маленькага цельца і азначае немаўля. Для вяселля быў асабісты рушнік, асобны — для ікон, яго так і называлі — набожнік. Сімвалы і ўзоры былі аднолькавымі, таму кожная майстрыха імкнулася праявіць сваю індывідуальнасць у карунках, якімі аздабляла канцы рушніка. У школьным музеі няма ні аднаго з аднолькавымі карункамі — усе розныя і вельмі складаныя ў выкананні. Сучасныя майстрыхі з Грабаўкі ахвотна капіруюць старажытныя ўзоры сваіх матуль і бабуль.

D88SC_-020_27.JPG

D88SC_-020_29.JPG

Містычная гісторыя панны Ядвігі Некаторы час назад з’явіліся звесткі: у памяшканнях новага будынка Грабаўскай школы бачылі прывід. Ва ўстанову адукацыі нават прыязджалі ўфолагі, якія марылі яго зафіксаваць. Хтосьці выказаў меркаванне, што гэта была дачка Фелікса Фашча Ядвіга. Дзяўчына, хоць была спагадлівым чалавекам, мела нейкія фізічныя недахопы і не магла разлічваць на ўзаемнасць з боку мужчын свайго кола.

— Панна Ядвіга ўсё ж змагла знайсці сваё жаночае шчасце — закахалася ў хлопца з простай сялянскай сям’і. Але ж шлюб так і не адбыўся. Потым старыя людзі ўспаміналі, што Ядвіга не наракала на горкі лёс, а стала ахоўніцай простых людзей — часта іх лячыла. Гэтую гісторыю я пачула ад сваёй бабулі, а тая — ад свекрыві, маёй прабабулі. Мабыць, так і ўзнікла легенда пра прывід панны Ядвігі, які з’яўляецца ў памяшканнях школы, што пабудавана непадалёк ад месца, дзе знаходзіўся стары панскі дом. Гэтая прыгожая таямнічая гісторыя атрымала працяг у мастацтве — некалькі гадоў назад быў выпушчаны набор паштовак “Прывіды Грабаўскага парку”.

На сучасных фотаздымках вучаніца школы Юлія Мацюшэнка намалявала выявы людзей у адзенні XIX стагоддзя, карэту, стары панскі дом. Адлюстравала яшчэ адну мясцовую легенду — востраў кахання пасярод возера. Усе паштоўкі былі дапоўнены вершаванымі радкамі ўраджэнца Грабаўскага сельсавета Міхася Башлакова.

Грабаўка можа пахваліцца і прыроднымі помнікамі пазамінулага стагоддзя — старажытным паркам і ліпавай алеяй, якія належалі панам Фашчам. У вёсцы дагэтуль захаваліся склепы гэтага роду, які валодаў вёскай і яшчэ некалькімі населенымі пунктамі на тэрыторыі сучасных Гомельскага і Веткаўскага раёнаў. А ў музеі Фашчам прысвечана асабістая экспазіцыя. На жаль, яе не змог пабачыць іх нашчадак, калі ў канцы мінулага стагоддзя наведаў былы маёнтак сваёй сям’і ў Грабаўцы.

D88SC_-020_2.JPG

D88SC_-020_1.JPG

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Грабаўскія легенды: з самымі цікавымі мясцінамі населенага пункта пазнаёміла карэнная грабаўчанка Таццяна Мацюшэнка
Прочитано 663 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика