МАЯК

Шчодры вечар, добры вечар!
З Новым годам вас вiтаем,
Шчасця, радасцi жадаем!

Шчодры вечар, добры вечар!

Сёння ў вёсцы Зябраўка дзеці і дарослыя, пераапрануўшыся ў розных герояў і жывёл, хадзілі хатах і віталі аднавяскоўцаў з Калядамі.

Звяздар, Цыганка, Дзед Мароз са Снягуркай, Каза, кот Базіліо і іншыя персанажы жадалі гаспадарам добрага ўраджаю, здароўя і ладу ў сем’ях. Цыганка прасіла “пазалаціць ручку” і прапаноўвала паваражыць, ды ўсю праўду расказаць: што было, што ёсць і чым сэрца супакоіцца.

— Дзе Каза нагою — там жыта капою, дзе Каза рогам — там сена стогам! Дзе Каза ўпала — там багацця прыдбала! — казалі госці і жадалі гаспадарам дабарабыту і ладу ў доме.

Да калядоўшчыкаў — вучняў мясцовай школы і дарослых — далучыліся карэспандэнты раённай газеты “Маяк”. Аўтар гэтых радкоў прымерыла на сябе ролю Звездара і першай вітала жыхароў Зябраўкі. Калядаванне праходзіла не толькі ў дамах вяскоўцаў — некаторых са святымі вечарамі павіншавалі нават на вуліцы і ў магазіне.

Увесь час панавала атмасфера весялосці, адчуванне шчасця і ўзнёсласці ад таго, што маеш магчымасць павіншаваць людзей са святымі вечарамі і падараваць ім добры настрой. Уразіла і тое, што некаторыя жыхары пасля “выступлення” калядоўшчыкаў і самі чыталі ім вершы-віншаванні са Старым Новым годам!

Шчодры вечар, добры вечар усім — калядоўшчыкам, і вяскоўцам, якія чакаюць дарагіх гасцей і загадзя падрыхтавалі ім цукеркі, садавіну, арэхі і печыва.

Ірына ГРАМЫКА.

Фота Таццяны ГУЦАВАЙ.