МАЯК

Казкі, гульні, прыгожыя песні і танцы, і ўсё сваё роднае, беларускае. У Пясочна-Будскім дзіцячым садзе Гомельскага раёна выхаванцаў вучаць любіць малую радзіму, ведаць яе гісторыю, добра размаўляць на роднай мове. Тым больш што пазней выпускнікі дашкольнай установы ідуць вучыцца ў беларускамоўную Грабаўскую сярэднюю школу.

Штотыднёва па панядзелках заняткі ў дзіцячым садзе пачынаюцца з агульнага выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь:

— Такім чынам мы выхоўваем у дзетак пачуццё павагі да сваёй краіны. Адначасова яны запамінаюць і словы гімна, — расказвае загадчык Пясочна-Будскага дзіцячага сада Алена Гарбачова. — Увогуле ва ўстанове адукацыі нямала заняткаў праводзіцца на беларускай мове, часта ў гульнявой форме, што больш за ўсё дапамагае дзецям запомніць новыя словы і паняцці.

Як адзначае выхавацель дашкольнай адукацыі Алена Давідовіч, ужо з малых гадоў трэба весці дзейнасць патрыятычнага напрамку:

— У нас распрацавана методыка падачы інфармацыі пра беларускія традыцыі, святы, гістарычныя падзеі і знакамітых людзей нашага краю, адаптаваная да ўзросту выхаванцаў. Дзеці з ахвотай удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, асабліва калі яны ў гульнявой форме, і такім чынам атрымліваюць неабходныя веды.

Заняткі па беларускай мове і культуры з ахвотай наведваюць усе выхаванцы, асабліва ім падабаецца не толькі адкрываць нешта новае, але і ўдзельнічаць у народных святах. Так, Максім Скачкоў і Мацвей Квіт дагэтуль успамінаюць і расказваюць родным пра некаторыя з іх, дзе яны выконвалі галоўныя ролі.

Выхавацель Анжаліка Караткова, якая таксама часта вядзе беларуска-моўныя заняткі, дадае:

— Патрыятызм — гэта не толькі фальклор і багацце мовы. Гэта і практычныя справы. Таму разам з дзецьмі часта наведваем помнік землякам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Дарослыя наводзяць парадак на яго тэрыторыі, а хлопчыкі і дзяўчынкі ўскладваюць кветкі. Адначасова мы расказваем пра іх продкаў, якія не шкадавалі сябе, каб прагнаць ворага з роднай зямлі.

Ушанаванне памяці герояў — адзін з накірункаў выхаваўчай практычнай работы. Каб наш край быў прыгожым і квітнеючым, штогод педагогі і выхаванцы Пясочна-Будскага дзіцячага сада высаджваюць дрэўцы і дэкаратыўнае кустоўе.

— Так і сёлета: некалькі дзён назад на тэрыторыі ўстановы адукацыі высадзілі яблыневы “Сад надзеі” побач з іншымі пладовымі дрэвамі, — працягвае загадчыца дзіцячага сада Алена Гарбачова. — Яблынькі былі выбраны невыпадкова: менавіта кветка гэтага дрэва і стужка ў колерах беларускага Дзяржаўнага сцяга з’яўляюцца сімвалам Дня Перамогі.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лука-шэнка неаднойчы акцэнтаваў увагу на тым, што патрыятычнае выхаванне павінна пачынацца з дзіцячага ўзросту. І ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў Пясочнай Будзе з гэтым поўнасцю згодны. Так што акрамя першых ведаў і практычных навыкаў тут даюць і першыя ўрокі любові да Радзімы. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Марына Афанасьева-Яхімовіч прапанавала менавіта гэты дзіцячы сад для правядзення выязнога практычнага семінара па арганізацыі патрыятычнага выхавання ў дашкольных установах.

Ірына ГРАМЫКА. Фота прадастаўлена Пясочна-Будскім дзіцячым садам.