Мы в соцсетях

На працягу некалькіх гадоў добрую традыцыю хадзіць са “звяздой” (альбо насіць “звязду”) адраджае сям’я Шыпковых. Сёлета, як і ў мінулым годзе, Віктар разам з сястрой Вольгай і жонкай Валерыяй, апрануўшы ільняныя сарочкі, кажушкі і падперазаўшыся тканымі паясамі, праходзяць па Маркавічах і Гадзічаве, дзе у кожнай хаце іх чакаюць з нецярпеннем.

Як расказвае Віктар Шыпкоў, раней штогод на свята Нараджэння Хрыстова хлопцы і дзяўчаты хадзілі па Маркавічах і віншавалі аднавяскоўцаў, абвяшчаючы добрую навіну: Хрыстос нарадзіўся! У руках аднаго з іх была зорка з іконай “Ражаства” ў цэнтры. Ад яе адыходзіць восем “праменняў”, аздобленых кветкамі, каляровымі і ззяючымі стужкамі.

— Пра традыцыю хадзіць са “звяздой” я ўпершыню пачуў ад свайго настаўніка Рыгора Басава з Гадзічава, які сам з маленства ўдзельнічаў у слаўленні Хрыста, — дадаў Віктар. — Тады і я ўпершыню хадзіў са “звяздой”, якую зрабіў яшчэ бацька Рыгора Ціханавіча. На наступны год папрасіў свайго дзеда дапамагчы мне зрабіць “звязду”.

Віктар і ягоныя родныя прытрымліваюцца мясцовай традыцыі, якую ўзнавілі па крупінцы: не адну гадзіну правялі ў размовах са старэйшымі жыхарамі вёскі Еўдакіяй Белкінай, Ефрасінняй Цацуковай і іншымі носьбітамі старажытных песень і абрадаў.

— Нам было цікава даведацца пра тое, як нашы дзяды і прадзеды святкавалі Нараджэнне Хрыстова, якія пры гэтым спявалі песні, — расказвае Віктар. — Пасля ранішняга богаслужэння ў Гадзічаве (у Маркавічах даўно царквы няма) вяскоўцы бралі зорку і ішлі па вуліцы. Падыходзячы да дома, абавязкова пыталіся ў гаспадароў: “А ці пусціце “звязду”?” Часцей за ўсё адказ быў станоўчым, але бывала і так, што “звязда” праходзіла міма.

Атрымаўшы дазвол ад гаспадароў, праходзілі ў пакой з іконамі і спявалі царкоўныя богаслужэбныя тэксты, прысвечаныя Нараджэнню Хрыстову. А ўжо потым, па жаданні гаспадароў, — народныя святочныя песні — “сальмы”. У адказ удзячныя вяскоўцы адорвалі гасцей рознымі прысмакамі.

Лічылася, што тыя, хто водзіць “звязду”, павінны пабываць у кожнага, бо тады ў гэтым доме будзе ўсё добра. А зараз некаторыя аднавяскоўцы ўжо загадзя тэлефануюць Віктару альбо яго бацькам, каб нагадаць: іх чакаюць.

— Маркавіцкая “звязда” — адзін з фрагментаў Святак, — дадаў Віктар Шыпкоў. — І калі ўслаўленне Хрыста насіла ўрачысты характар, то на Калядкі было больш весялосці і жартаў. Захавалася некалькі старажытных песняў-калядак пра пчол, дзе гаворыцца пра старажытны спосаб іх развядзення — у драўляных борцях.

Застаецца дадаць, што зараз рыхтуюцца дакументы для надання маркавіцкай “звяздзе” статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Ірына ГРАМЫКА. Фота з архіва аўтара.

Маркавіцкая “звязда”: энтузіясты адраджаюць старажытную традыцыю ўслаўлення Хрыста
Прочитано 456 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика