Мы в соцсетях

Сёлета “шарпілаўскаму Пушкіну”, як часта жартам і ўсур’ёз называлі паэта Анатоля Грачанікава, споўнілася б 83 гады. Ураджэнец Гомельскага раёна вядомы ў Беларусі і за яе межамі як пясняр роднага краю і перакладчык на беларускую мову твораў паэтаў розных краін свету.

I880045_5.JPG

I880045_1.JPG

Штогод пачатак верасня для педагогаў і навучэнцаў Шарпілаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы праходзіць пад знакам творчасці знакамітага земляка, зазначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Вашкова:

— Праводзіцца тыдзень беларускай літаратуры, прысвечаны творчасці і жыццёваму шляху нашага знакамітага аднавяскоўца. Усе, хто нарадзіліся, ці нават пераехалі ў Шарпілаўку, ведаюць ягоныя радкі напамяць, асабліва тыя, што прысвечаны малой радзіме: “Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож, // Свае ў яе віры і перакаты. // Апоўначы на сцішаныя хаты // Мядзведзіца схіляе
зорны кош”.

У школе пастаянна ладзяцца разнастайныя літаратурныя конкурсы — адны дзеці спрабуюць свае паэтычныя здольнасці, іншыя — з ахвотай чытаюць пранікнёныя вершаваныя радкі Анатоля Грачанікава. А некаторыя творы нават спяваюць — на словы нашага земляка напісана нямала песень!

Наш зямляк — аўтар амаль 10 зборнікаў паэзіі. За кнігу “Зоркі і курганы” паэт быў удастоены ганаровага звання лаўрэата Усесаюзнага конкурса імя Мікалая Астроўскага. А ўвогуле творчасць Анатоля Грачанікава была адзначана і іншымі ўзнагародамі ў галіне літаратуры — Дзяржаўнай прэміяй БССР і прэміяй Ленінскага камсамола.

Цікава, што Анатоль Грачанікаў атрымаў тэхнічную спецыяльнасць — закончыў Гомельскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (зараз — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту). Нават нейкі час працаваў на рамонтна-тэхнічным заво-дзе. Аднак ужо тады ў Анатоля Грачанікава быў вопыт літаратурнай працы — першыя вершы маладога творцы пабачылі свет яшчэ ў 1957 годзе ў газеце “Чырвоная змена”, праз тры гады падборка твораў з’явілася ў часопісе “Маладосць”. А першы асобнік — “Магістраль” — быў надрукаваны ў 1964-м.

I880045_2.JPG

Літаратурная дзейнасць пачалася ў дзіцячыя гады з абяцання, якое будучы паэт даў малодшаму браціку. Бацька Анатоля Грачанікава Сямён Трафімавіч працаваў паштальёнам. Таму трое яго сыноў ахвотна карысталіся магчымасцю чытаць газеты, якія ён прыносіў. Аднойчы адзін з малодшых братоў Анатоля з жалем сказаў: “Вось каб нам яшчэ і кніжак паболей!” На што будучы паэт адказаў: “Нічога, вырасту і сам буду кнігі пісаць!” Такія ўспаміны, якімі дзяліліся аднавяскоўцы Анатоля Грачанікава, дбайна захоўваюцца ў школьным музеі.

— Пасля заканчэння Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве ў 1969 годзе Анатоль Сямёнавіч узначаліў аддзел газеты “Літаратура і мастацтва”, — расказала Наталля Вашкова. — Потым наш зямляк працаваў галоўным рэдактарам часопісаў “Вясёлка”, “Бярозка” і “Маладосць”, быў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Анатоль Сямёнавіч часта прыязджаў у родныя мясціны. Сябры ўспаміналі ягоныя словы: “Мама казала — не рабі злога, і не бойся нікога!” На малой радзіме яго любілі, аднавяскоўцы часам звалі ласкава Толічкам, але часцей з павагай — Сямёнавічам.

I880045_3.JPG

— Анатоль Грачанікаў меў паэтычную душу і чуйнае сэрца, таму і вершы такія пранізлівыя і мілагучныя, — зазначыла Наталля Рыгораўна. — Анатоль Грачанікаў таксама вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх паэтаў. Для дзяцей ён пераклаў вершы афганскіх літаратараў, якія ўвайшлі ў склад зборніка “Ватан — значыць Радзіма”.

Дарэчы, наш зямляк і сам пісаў творы для дзяцей. Было выдадзена некалькі зборнікаў — казкі, паэмы і вершы “Валерка і лятаючая талерка”, “Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара” і іншыя.

Зараз многія вядомыя творцы мастацкага слова з удзячнасцю ўспамінаюць урокі пісьменства ад знакамітага паэта, які даў ім “пуцёўку ў літаратуру”. Як сапраўдны настаўнік, Анатоль Грачанікаў вельмі чула і тактоўна ставіўся да кожнага маладога літаратара, дбаючы пра тое, каб ён павышаў сваё майстэрства. А сваё жыццёвае крэда паэт апісаў у адным з вершаў: “Нe тpэбa жыць як нaбяжыць. // Taк жыць нa cвeцe тpэбa, // Кaб дa aпoшнix дзён любiць // Людзeй, зямлю i нeбa”.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.

Паэт Анатоль Грачанікаў: «Да апошніх дзён  любіць людзей, зямлю і неба»
Прочитано 3557 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика