Мы в соцсетях

Малая радзіма лаўрэата шматлікіх літаратурных конкурсаў і ўладальніцы знака “За ўклад у літаратуру” Ніны Шкляравай — невялікая вёсачка Пракопаўка, што знаходзіцца на мяжы Гомельскага і Добрушскага раёнаў. Сімвалічнае блаславенне на творчасць наша гераіня атрымала літаральна з першых хвілін жыцця, бо той акушэркаю, якая дапамагла дзяўчынцы з’явіцца на свет, была менавіта жонка будучага беларускага класіка — Івана Шамякіна.

Пасляваенныя гады, у якія прайшло яе дзяцінства, запомніліся Ніне няўрымслівым жаданнем пра ўсё даведацца, усюды пабываць, паспрабаваць сябе ў рознай дзейнасці, таксама і ў творчасці. Тым больш, што і прыклад было з каго браць: малады Іван Шамякін пасля вайны быў настаўнікам у Пракопаўцы. Менавіта тут ён пачынаў пісаць свой першы значны твор.

— Аднойчы мы, малыя, бегалі па наваколлю і літаральна наляцелі на маладую пару. Дарослыя не сталі злавацца, а наадварот, распыталі, з якой мы сям'і, і насыпалі мне некалькі жменяў цукерак. Калі расказала аб гэтым выпадку маме, яна ўсміхнулася: “Напэўна, Шамячыха прыехала”. Жонка Івана Шамякіна — Марыя Філатаўна — пэўны час працавала ў нас загадчыцай ФАПа і карысталася нават большым аўтарытэтам, чым яе муж, — расказвае Ніна Нікіфараўна.

Калі зорка аўтара “Тры-вожнага шчасця” ўжо ззяла на літаратурным небасхіле, Ніне нагадалі, што першым чалавекам, які ўзяў яе на рукі пасля нараджэння, стала Марыя Шамякіна. І ў гэтым было штосьці сімвалічнае.

Але да ўласнай літаратурнай творчасці дзяўчынку прывёў усё ж не столькі прыклад Івана Пятровіча, як нечаканы пос-пех вучня Пракопаўскай школы Міхаіла Шклярава. Верш, напісаны хлопцам, надрукавалі ў рэспубліканскай піянерскай газеце “Зорька” і даслалі аўтару ганарар — 20 рублёў. Пасля гэтага вершы пачалі пісаць усе мясцовыя школьнікі. Тым, у каго атрымлівалася лепш за іншых, сам дырэктар даваў парады, хваліў. І сярод іх заўсёды была Ніна.

— Мінуў час, і з паэтычнай творчасцю развіталіся ўсе, акрамя мяне. А Міша, дарэчы, зрабіў ваенную кар'еру і даслужыўся да генерала, — усміхаецца паэтэса.

Ужо ў школьным узросце Ніна Шклярава часта пісала для перыядычнага друку, удзельнічала ў рабоце літаратурнага аб'яднання “Пралеска”, што дзейнічала на базе Гомельскай раённай газеты “Маяк”. Супрацоўнікі “раёнкі” нават раілі ёй пайсці вучыцца на лінатыпістку, абяцалі працаўладкаваць. Але дзяўчына ўжо вырашыла, дзе будзе вучыцца — у Гомельскім педагічным інстытуце (“Як Шамякін!”). Конкурс у ВНУ, дарэчы, быў сур'ёзны — 11 чалавек на месца, але наша зямлячка, якая напісала на экзамене сачыненне ў вершаванай форме, вытрымала канкурэнцыю.

У “Маяку” Ніна Нікіфараўна ўсё ж папрацавала, калі перавялася на завочнае аддзяленне. Затым была камсамольская работа, праца ў школе і на тэлебачанні. Але побач з гэтым заўсёды ішла творчасць. Першы зборнік Шкляравай выйшаў з друку ў 1971 годзе, а зараз у аўтара надрукавана ўжо 13 кніг.

Ніна Шклярава часта ўдзельнічала ў семінарах, мела магчымасць гутарыць з мэтрамі паэтычнага слова, набірацца ў іх вопыту. А калі прыйшоў час, сама адчула жаданне дапамагаць маладым паэтам.

— На II з'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі прагучала думка аб тым, што вельмі мала творчай моладзі, i пасля гэтага ў мяне з'явілася мара стварыць школу-студыю “Малады літаратар”. Ідэя знайшла водгук: мяне падтрымалі і ў творчых колах, і на ўзроўні кіраўніцтва вобласці. А галоўнае — прыйшло шмат моладзі, якая хацела ўдасканаліць сваё майстэрства пісаць вершы. Прычым большасць юнакоў і дзяўчат імкнуліся стаць беларускамоўнымі паэтамі, — ўспамінае Ніна Нікіфараўна.

Многія з тых, хто займаўся ў школе-студыі, зараз ужо прызнаныя творцы, сярод іх — Алесь Бараноўскі з Цярухі, якога Ніна Нікіфараўна называе сваім самым удзячным вучнем.

Сама Ніна Шклярава працягвае пісаць і зараз, прызнаецца, што кожны дзень дае нагоду для роздуму і паэтычнага радка. Няхай жа цёплыя пачуцці і замілаванне падорыць вам гэты ўрывак з яе верша: “І пакуль гарыць мая свяча// З матчынай малітваю і песняй,// Гомельшчына ў маіх вачах,// Нібы абразочак, уваскрэсне.// І адорыць мой нялёгкі лёс// Чыстаю азёрнаю вадзіцай.// Качкамі аблюбаваны плёс// Адгукнецца голасна званніцы.”

Ірына Трыпузава. Фота з асабістага архіва Ніны Шкляравай.

Паэтэса Ніна Шклярава: “Не наракаю на свой лёс, а толькі праслаўляю лірай”
Прочитано 719 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика