Мы в соцсетях

На Саракі дзень з ноччу мераюцца, казалі ў народзе, і лічылі другой сустрэчай вясны. Першая была на Стрэчанне, а трэцяя адбывалася на Благавешчанне. 22 сакавіка гаспадыні пяклі пячэнне ў выглядзе птушак, частавалі ім дзяцей і пры гэтым казалі: “Жавароначкі прыляцелі, на галоўку дзецям селі”, а таксама крышылі яго для пярнатых жыхароў лясоў і палёў.

Пра гэтыя і іншыя народныя звычаі, звязаныя са святам Саракі, жыхары і госці Урыцкага даведаліся падчас тэатралізаванага прадстаўлення, якое падрыхтавалі юныя артысты, удзельнікі калектыву “Зорачкі” Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу.

88-22_12-25-52.jpg

Згодна царкоўнага календара, 22 сакавіка адзначаецца дзень памяці сарака воінаў Севасційскіх, якія прынялі мукі за веру ў Хрыста. У народзе свята называюць Саракі, Сорак Саракоў, жаваронкі, альбо сорак святых. Гэтая лічба мела асноўнае значэнне ў абрадавых дзеяннях.

— Прадвеснікамі вясны былі жаваронкі, аднак, па павер’ям, з цёплых краёў прыляталі 40 відаў птушак. На думку нашых продкаў, іх трэба было пачаставаць, таму на свята Саракі выпякалі не менш і не больш, як 40 пячэнняў у выглядзе птушак, — расказалі ўдзельнікі калектыву. — А каб вясна хутчэй прыходзіла, людзі ладзілі карагоды і танцы, напрыклад, “Юрачка”, прыгаворвалі заклічкі, напрыклад, “Жавароначкі, прыляціце” — так гукалі вясну.

Артысты запрасілі гледачоў таксама прыняць удзел у некаторых дзеяннях тэатралізаванай пастаноўкі: пагуляць у старажытную гульню “Выраі”, адгадаць загадкі пра птушак, альбо ўспомніць прыказкі пра свята Саракі. Сярод якіх ёсць і такія: “На Саракі пайшла зіма да ракі”, “На Саракі прыляцелі з-за мора птахі”, “На Саракі ў адзін дзень сорак маразоў”.   

721-03-21_14-40-53.jpg

Узгадалі юныя аматары народнай творчасці і звычаі свята, якія бытавалі на тэрыторыі Гомельскага раёна. Напрыклад, жыхары Маркавіч у гэты дзень варажылі на трэсачках, дровах і плоце. А яшчэ ў гэтай вёсцы «гушкалі птушак»: на вялікую посцілку выкладвалі печыва ў выглядзе пярнатых. Усе браліся за краі, прыгаворвалі-запрашалі крылатых з выраю вярнуцца, і падкідвалі ўверх пячэнне. Фокус быў у тым, каб падкінуць яго як мага вышэй і пры гэтым не даць упасці на зямлю.

— Лічылася, што за два дні да Благавешчання павінны прыляцець буслы — сімвал чысціні, шчасця і сямейнага дабрабыту, — расказала Рыма Лянкова, мастацкі кіраўнік Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу. — Да 7 красавіка забаранялася капаць зямлю, бо, на думку селяніна, толькі пасля гэтага свята зямля абуджалася, і можна ўжо было пачынаць палявыя работы.

Птушкі вяртаюцца з выраю, значыць, вясна прыйшла! Яе надыходу таксама паспрыялі юныя артысты з Урыцкага, якія ўзгадалі старажытны аўтэнтычны абрад і далі іншым дакрануцца да багатай народнай спадчыны.

Ірына ГРАМЫКА. Фота прадастаўлена Урыцкім рэгіянальным цэнтрам культуры і вольнага часу.

Пра народныя звычаі свята Саракі паведалі удзельнікі калектыву “Зорачкі” у сваім тэатралізаваным прадстаўленні
Прочитано 946 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика