МАЯК

Перыяд ад Нараджэння Хрыстова да Хрышчэння — Святкі — час забаў і гульняў. Асабліва весела адзначалі вечар напрыканцы Старога Новага года: пераапранутыя ў Звезданошу, Мядзведзя, Казу, Механошу, цыган і іншых персанажаў людзі хадзілі калядаваць. Штогод удзельнікі фальклорнага калектыву “Спадчына” Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу наведваюць аднавяскоўцаў, каб са святам павіншаваць, здароўя ды шчасця ім пажадаць. Да аматараў народнай спадчыны ў ролі Кабеты далучылася і журналіст “Маяка”.

Каларыту калядавання ва Урыцкім надаюць мясцовыя шчадраванкі і калядкі, запісаныя ад старых жыхароў аграгарадка. Кароткая рэпетыцыя ўдзельнікаў калектыву, якія паўтарылі словы старажытных песень, пераапрананне згодна з ролямі — і мы выходзім на вячэрнюю вуліцу. З музыкай і песнямі праходзім па Урыцкаму, вітаючы ўсіх сустрэчных са святымі вечарамі, а потым завітваем да Святланы і Уладзіміра Хайленкаў.

— Перад тым, як увайсці ў хату, калядоўшчыкі пытаюцца дазволу ў гаспадароў, — расказвае кіраўнік калектыву Раіса Маскалёва. — Першай мы заўсёды выконваем песню пра нараджэнне Хрыста, услаўляючы прыход Збавіцеля душ чалавечых. А ўжо потым разыгрываем невялікае прадстаўленне з Казой.

Як патрабуе звычай, праз колькі хвілін Каза “памірае” і калядоўшчыкі просяць-патрабуюць пачастункаў. Калі ж гаспадары — не скупыя, і шчодра адорваюць гасцей цукеркамі і іншымі прысмакамі, Каза “ажывае”. Гасціннымі былі і муж з жонкай Хайленкі, таму Каза ў хуткім часе зноў скакала па хаце, жадаючы ім добрага ўраджаю:

Дзе Каза ходзіць — там жыта родзіць,

Дзе Каза рогам — там жыта стогам!

Акрамя гэтага, па жаданню гаспадароў калядоўшчыкі выканалі і некалькі шчадровак. Адну з іх каліські запісалі ад мясцовых жыхароў сталага ўзросту. Яна гучыць

так: “Калядую, калядую, ў клеці сала чую. Дайце паласу — бацьку панясу. Бацька будзе есці, барадою трэсці, Вусамі ківаць, «спасіба» казаць”.

— Святкі вядомы і старажытным звычаем варажбы, — расказала Раіса Мікалаеўна. — Але ж старыя людзі называлі гэта грахом і асабліва забаранялі варажыць на свечках і люстэрку. Лічылася, што гэта мае дрэнны ўплыў на псіхалогію моладзі.

Але ж былі і даволі бясшкодныя варожбы, і Раіса Маскалёва расказала пра адну з іх:

— Перад сном дзяўчына клала пад падушку кавалачак хлеба, але ж папярэдне надкусвала яго і казала пры гэтым: “З кім век векаваць, прыхадзі даядаць!”. Меркавалі, што ў сне яна пабачыць свайго суджанага.

Артыстаў з Урыцкага з нецярпеннем чакаюць і жыхары суседніх населеных пунктаў — Прыбара і Барка, Новай Буды і Чырвонага Маяка. Так што, паважаныя гаспадары і гаспадыні, чакайце калядоўшчыкаў у госці, ды не забудзьцеся прыгатаваць мех цукерак, калечкі каўбаскі, а мо і яшчэ чаго іншага для пачастункаў…  

Ірына ГРАМЫКА.

Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.