МАЯК

Штогод 21 лютага па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. І сёлета ў азнаменаванне гэтай падзеі ўсіх жадаючых запрасілі прыняць удзел у рэспубліканскай дыктоўцы, прысвечанай Году міру і стваральнай працы. Да гэтай акцыі далучыліся настаўнікі і вучні Урыцкай сярэдняй школы.

Агульнарэспубліканская дыктоўка праводзіцца ўжо не першы раз па ініцыятыве інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Інфармацыйна яе падтрымалі канал “Культура” Беларускага радыё і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа. А 13 гадзіне ўключылася трансляцыя з аўдыторыі ўстановы культуры, і да анлайн-дыктоўкі пад назвай ”Беларусь — краіна-мара!” далучыліся ўсе жадаючыя.

— Настаўнікі і вучні нашай школы не ўпершыню пішуць рэспубліканскія дыктоўкі, — расказала намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Вольга Лапіцкая. — Так як жадаючых шмат, а анлайн-трансляцыя працягваецца ўсяго гадзіну, мы занатоўваем тэкст і потым даем магчымасць напісаць дыктоўку і другой змене. Акрамя таго, пасля напісання навукоўцы даюць каментарыі альбо тлумачаць некаторыя асаблівасці моўных адзінак і прымянення правілаў у падабраным тэксце.

Сёлета дыктоўку пісалі вучні 10 “А” і 6 “Б” класаў. Аднак тэкст, які з лёгкасцю напішуць старшакласнікі, можа быць цяжкім для іх малодшых аднавяскоўцаў. Таму настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ларыса Грыбанава дыктавала ім адаптаваны для іх узросту тэкст, прысвечаны мілагучнасці роднай мовы.

Вучаніцы 6 ”Б” класа Марыя Лебедзева і Соф’я Лукашэвіч з ахвотай далучыліся да рэспубліканскай акцыі. З вялікай увагай яны “лавілі” кожнае слоўца, якое дыктавала настаўніца. Дзяўчаткі былі ўпэўненыя ў сваіх ведах і разлічвалі добра напісаць дыктоўку, бо абедзьве з поспехам удзельнічалі ў раённых этапах прадметных алімпіяд па беларускай і рускай мовах.

Гавораць удзельнікі рэспубліканскай дыктоўкі:

Вольга Лапіцкая:

— Я штогод далучаюся да гэтай рэспубліканскай акцыі, бо мне цікава праверыць свае веды, а таксама адчуць той уздым, калі адначасова тысячы людзей разам з табой пішуць тэкст на роднай мове. Гэта вельмі хвалююча і служыць яднанню жыхароў нашай краіны розных узростаў.

Валерыя Верасавая, вучаніца 10-га “А” класа:

— У дыктоўцы такога ўзроўню удзельнічаю ўпершыню, таму гэта выклікала цікавасць. Думаю, што тэкст не будзе складаным, але ж, калі гэта будзе і не так, я ўпэўнена ў сваіх ведах: па беларускай мове ў мяне цвёрдая 9-ка!

Мікіта Кавалёў, дзесяцікласнік:

— Нягледзячы на тое, што мне падабаюцца дакладныя навукі, у прыватнасці, чарчэнне, гэта цікавы вопыт напісання тэксту пад дыктоўку навукоўцаў.

Андрэй Анікеенка, яго аднакласнік:

— Я люблю чытаць, і не толькі мастацкую літаратуру, а і сур’ёзныя творы. Чытанне дапамагае развіваць зрокавую памяць, а веданне правілаў дае магчымасць правільна напісаць нават складаныя тэксты. Таму з цікавасцю чакаю рэспубліканскую дыктоўку.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.