Мы в соцсетях

Мы працягваем пастаянную рубрыку “У сааўтарстве з чытачом”, у якой тэмы пра цікавых людзей і іх добрыя справы, вартыя ўвагі падзеі нам падказваюць жыхары раёна. На гэты раз з педагогам Пакалюбіцкай сярэдняй школы Аленай Слепчанка журналісты “Маяка” сустрэліся дзякуючы лісту Уладзіміра Рудзінскага.

Як адзначыў былы намеснік дырэктара Пакалюбіцкай сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце, Алена Слепчанка больш за 30 гадоў аддала педагагічнай дзейнасці. Яна і дагэтуль, хаця ўжо і на заслужаным адпачынку, выкладае рускую мову і літаратуру ў школе, у якой некалі вучылася.

— Алена Іосіфаўна — удумлівы выхавацель, добры чалавек, да якога цягнуцца іншыя, каб атрымаць слушную параду альбо маральную падтрымку, — зазначае чытач у сваім лісце ў рэдакцыю. — “Любім і паважаем” — такую ацэнку ад вучняў атрымае не кожны настаўнік. Школьнікі любяць сваю настаўніцу за праўдзівасць, за тую глыбокую і шчырую зацікаўленасць, якую яна праяўляе штодзённа да іх спраў, турбот і настрою.

Тое, што стане настаўніцай, Алена зразумела, калі вучылася ў 7 класе. Урокі рускай мовы і літаратуры выкладала заслужаны настаўнік БССР Ксенія Малахава. І яны былі настолькі цікавымі, што заняткі па гэтаму прадмету ніхто не прапускаў.

— Ксенія Сямёнаўна для мяне і іншых выпускнікоў школы стала эталонам сапраўднага чалавека, які любіць сваю справу і імкнецца дасканала яе выконваць, — расказвае Алена Іосіфаўна. — Мае бацькі, калі я скончыла ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і стала працаваць спачатку ў дзіця-чым садку, а пазней у школе, вельмі мной ганарыліся. І гэта было яшчэ адным стымулам быць прафесіяналам і выкладаць свой прадмет так, каб мае юныя аднавяскоўцы таксама марылі стаць педагогамі.

Дарэчы, у Пакалюбіцкай сярэдняй школе працуе нямала выпускнікоў, і некаторыя перад важным выбарам у сваім жыцці звярталіся за парадай да любімай настаўніцы.

— Галоўны крытэрый выбару — адчуваць цягу да гэтай справы. Калі разумееш, што хочаш быць настаўнікам, любіш дзяцей і свой прадмет, трэба рэалізаваць мару, — такімі словамі Алены Іосіфаўны кіравалася не адно пакаленне старшакласнікаў.

Некаторы час Алена Слепчанка была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, але потым па сямейных абставінах зноў вярнулася да выкладчыцкай дзейнасці. Настаўніца — адна з актыўных краязнаўцаў і зараз з’яўляецца кіраўніком школьнага музея:

— Яго стварэнне — заслуга педагогаў Серафімы Канстанціноўскай і Ксеніі Мала-хавай. Былы дырэктар школы, а зараз — Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея Кацярына Варабей паклала пачатак добрай традыцыі: рыхтаваць фотаальбомы кожнага выпуску, у якіх расказваецца пра далейшы прафесіянальны лёс вучняў. І першы быў прысвечаны старшакласнікам, якія пакінулі сцены школы ў 1954 годзе. Цяпер гэтыя школьныя альбомы — своеасаблівы летапіс Пакалюбіч.

Яшчэ адна традыцыя, якая захавалася з сярэдзіны мінулага стагоддзя, — маштабнае святкаванне Дня Перамогі.

— На працягу доўгага часу ў школе дзейнічала свая радыёстанцыя. І мы, вучні, часта чыталі вершы і кароткія вытрымкі з празаічных твораў, — зазначыла педагог. — Напярэдадні 9 Мая ўсе выступленні былі прысвечаны нашым землякам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, і чырвонаармейцам, якія загінулі пры вызваленні Пакалюбіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Работа ў гэтым накірунку працягваецца: школьнікі з цікавасцю вывучаюць гераічнае мінулае сваёй сям’і. I дапамогу ў гэтым ім аказвае настаўнік рускай мовы і літаратуры, патрыёт сваёй малой радзімы Алена Слепчанка.

Ірына ГРАМЫКА.

Сакрэты прафесійнага поспеху настаўніцы Пакалюбіцкай сярэдняй школы  Алены Слепчанка
Прочитано 649 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика