МАЯК

Штогод на трэці дзень Святой Тройцы непадалёку ад населенага пункту Гадзічава праходзіць рытуал асвячэння Варварынскай крыніцы.

Калі з’явілася Варварынская крыніца дакладна ніхто не памятае. Гаючыя ўласцівасці яе вады мясцовыя жыхары ведаюць даўно і ўстанавілі крыж з іконай Вялікамучаніцы Варвары, таму крыніцу і называюць Варварынскай.

На гэты крыж завязваюць аброчныя ручнікі, калі просяць, каб Вялікамучаніца Варвара дапамагла ў бядзе, збавіла ад хваробы. Раней у крыніцу з гэтай мэтай кідалі капейкі. Кожны год на трэці дзень Тройцы служыцца малебен і асвячаецца вада. За гаючай вадой прыязджаюці не толькі мясцовыя жыхары, але і з Гомеля і Чарнігава.

Існуе паданне, што нейкай манашцы аднаго з Чарнігаўскіх манастыроў прысніўся сон, што ў гэтым месцы неабходна знайсці крыніцу з гаючай вадой. І калі яна прыйшла ў гэтае месца, там сапраўды з’явілася крыніца. Яшчэ расказваюць, што з надзеяй вылечыцца ад цяжкаў хваробы ног прыехала жанчына з Урала: яна пабачыла ў сне, што вылечыць сваю хваробу, калі пап’е вады з гэтай крыніцы. Яна прыбыла сюды з вялікай надзеяй і гаючая вада ёй дапамагла.

Варварынская крыніца ўжо некалькі разоў мяняла сваё месца. Калі недалёка ад яе будавалі дарогу, зрабілі насып, крынічка знікла. Прыехалі веруючыя, а крыніцы няма. Тады адна манахіня стала маліцца, па яе прыкладу да Бога звярнуліся і іншыя. І праз некаторы час заўважылі, что недалёка ад былога месца з’явілася крыніца. Пазней яна зноў крыху змяніла сваё месца.

Падрыхтаваў Алег ДУБАВЕЦ

Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ