“Яромушка” — ансамбль "узорны": рэспубліканская атэстацыйная камісія лічыць яго вартым прысваення гэтага наймення

Аўтэнтычнасць песеннай і танцавальнай культуры Палесся, вывучэнне традыцый і абрадаў — такі напрамак абрала кіраўнік фальклорнага ансамбля “Яромушка” Яромінскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Магонава. А нядаўна творчы калектыў пацвердзіў сваё выканаўчае мастэрства і глыбіню вывучэння матэрыяла — рэспубліканская атэстацыйная камісія лічыць ансамбль вартым прысваення наймення “узорны аматарскі калектыў”.

Дарэчы, фальклорны гурт створаны тры з паловай гады назад — ужо пяты па ліку калектыў ва ўстанове адукацыі. “Яромушкі” з захапленнем вывучаюць народную творчасць роднага краю. Найбольшую цікавасць у іх выклікае асаблівая песенная традыцыя, якая дазваляе адным голасам, без музычнага суправаджэння, ствараць вакальныя “малюнкі”.

0870025.jpg

0007759.jpg

— Мне вельмі падабаецца вывучаць і выконваць складаныя творы, так званыя антыфоны, калі дзве і болей песні як бы “накладаюцца” адна на адну, — расказала салістка ансамбля Маша Каешка.

Яе сяброўцы Машы Дзегцяровай і адзінаму хлапчуку-вакалісту Паўлу Ганчарову таксама падабаюцца цікавыя “малюнкі” народных песень. Як зазначаюць юныя спевакі, фальклорныя творы — багацейшая скарбніца, якая раскрывае свае таямніцы толькі ўлюбёным у народныя спевы творцам.

— Вывучаць старажытныя песні, іх мелодыі і гучанне — гэта модна і цікава, — зазначае хлапчук. — Тым больш, што яны прысвечаны розным святам альбо традыцыям. Падчас выступленняў мы выконваем творы як сольна, так і ў складзе хора.

007767.jpg

У фальклорнага калектыва — значны рэпертуар песень рознай тэматыкі і жанравай разнастайнасці: антыфоны, лічылкі, прыпеўкі пад танец, веснавыя заклічкі, купальскія песні, карагодныя гульні, пазаабрадавыя песні. Гэтыя вакальныя скарбы юныя “яромушкі” выконваюць пад музыку і а капэла.

Дарэчы, фальклорны гурт, які наведваюць 16 удзельнікаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, складаецца з двух груп — вакальнай і танцавальнай. Пад кіраўніцтвам харэографа Валянціны Шэлюх дзеці вывучылі такія старажытныя танцы як “Лявоніха”, “Полька з падкідэнсам”, “Полька з чыгунамі” і нават танцавальную гульню “Юрачка”. Таму не дзіўна, што кожнае выступленне “яромушак” — гэта не проста цікавыя і прыгожыя спевы, але і адметныя танцы.

000898045.jpg

Адметнасцю ансамбля “Яромушка” з’яўляецца і тое, што амаль усе вакалісты фальклорнага гурта граюць на старажытных народных музычных інструментах. Канцэртмайстар Іван Кацэвіч вучыць юных музыкаў граць на дудачцы, гармоніку, лыжках, скрыпцы і іншых інструментах, таму выступленне салістаў часта суправаджаецца арыгінальнай аранжыроўкай у іх асабістым выкананні.

— Каб найбольш поўна прадэманстраваць тэматычную і жанравую разнастайнасць нашага рэпертуару, канцэртную праграму, якую прадставілі кампетэнтным знаўцам музыкі, спеваў і народнай творчасці, назвалі “Калаварот года”, — адзначыла Кацярына Магонава. — А каб было яшчэ цікавей, зрабілі яе ў выглядзе тэатралізаванай пастаноўкі.

Дарэчы, фальклорны гурт “Яромушка” у мінулым годзе з поспехам выступіў на II Адкрытым міжнародным фестывалі-конкурсе “Прамень” у Гомелі. Юныя вакалісты выканалі вельмі складаны масленічны антыфон, які склалі дзве песні “А на гарэ” і “А ў нас сёння Масленіца”. Дадому юныя аматары народнай творчасці вярнуліся з Дыпломам I ступені ў намінацыі “Самабытны фальклор. Вакальнае мастацтва. Ансамбль”.

077055.jpg

077741.jpg

077031.jpg

Гурт “Яромушка” дбайна захоўвае народна-песенныя традыцыі Гомельскага раёна, традыцыйныя святы і абрады. Дзецям настолькі цікава займацца народнай творчасцю, што яны дабіваюцца значных поспехаў у асваенні новых музычных твораў.

Ірына Грамыка. Фота Марыны Васільевай.

Прочитано 242 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

 

Архив

« Июнь 2021 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30        
Яндекс.Метрика