МАЯК

Сёння першымі ў раёне на Масленічныя гулянні запрасілі жыхароў Чарацянкі, Грабаўкі і Каранёўкі.

Дарэчы, у апошняй няма ўстановы культуры, таму клопат аб арганізацыі свята для жыхароў і гасцей Каранёўкі ўзялі на сябе артысты з суседняй вёскі Зябраўка, аграгарадкоў Яроміна і Пакалюбічы. Больш таго, на свяце Масленіцы выступіла і мясцовая “зорачка” — юная жыхарка Каранёўкі, вучаніца Зябраўскай базавай школы Валерыя Бутэнка. За выступленнем сястры з хваляваннем назірала яе малодшая сястрычка, а ўвогуле сям’я Валерыі — шматдзетная.

Конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, конкурс на лепшую гаспадыню (трэба было падкінуць і перавярнуць блін на патэльні як мага больш разоў, і адначасова не даць “кавалачку сонца” ўпасці на зямлю), традыцыйная масленічная забава — перацягванне каната і іншыя не далі гледачам засумаваць, а пазітыўныя эмоцыі сагрэлі ў гэты сонечны дзянёк з лёгкім марозцам.

У Грабаўцы свята пачалося задоўга да пазначанага ў аб’явах часу. Хлапчукі і дзяўчаты спрабавалі прайсці па прыгатаваных для аднаго з конкурсаў “сцяжынках” з чурбачкоў разнай вышыні, і, канечне, калі вядучая аб’явіла гэтае спаборніцтва, былі ў ліку лепшых.

Бібліятэкар Грабаўскай сельскай бібліятэкі Вольга Пыракова падрыхтавала да свята выставу жаночых платкоў, а таксама тэматычную фотазону, ля якой вяскоўцы не прамінулі сфатаграфавацца паасобку альбо зрабіць сямейнае фота на памяць. Віктарыны, гульні, загадкі, вясёлыя конкурсы і забавы… Масленіца ў Грабаўцы сапраўды была шырокая — ад шчырых усмешак, вясёлага настрою і гарачых бліноў.

Жыхароў Каранёўкі і Грабаўкі са святам Масленіцы і пачаткам вясны павіншавалі старшыні Зябраўскага і Грабаўскага сельвыканкамаў Яўген Нікіцін і Наталля Кісялёва.

У абодвух населеных пунктах працавалі гандлёвыя рады Гомельскага філіяла Гомельскага абласнога спажыўтаварыства і індывідуальных прадпрымальнікаў, у Грабаўцы таксама дзейнічалі атракцыёны.

Падрабязнасці чытайце ў наступным нумары газеты “Маяк”.

Ірына ГАЛАВАЧОВА.

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА.