Мы в соцсетях

“Агу, вясна, агу, красна, а што ты нам прынесла?” — такія песні-заклічкі на розныя матывы гучалі ў мінулую суботу ў Гомельскім раёне: тут адбыўся першы фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка”, прымеркаваны да Году народнага адзінства.

Як зазначыла старшыня мясцовага сельвыканкама Наталля Кісялёва, адна з арганізатараў фестывалю, свята “Гуканне вясны” бытавала пераважна на Гомельшчыне, а ў Грабаўцы і навакольных вёсках абрадавыя дзеянні, хоць і мелі аднолькавы сэнс, усё ж адрозніваліся.

— Таму і вырашылі паказаць усю прывабнасць гэтай народнай традыцыі, — адзначыла Наталля Вадзімаўна. — Акрамя таго, Грабаўка вядома помнікам прыроды — тут захаваліся рэшткі панскай сядзібы, а ў школе шмат увагі надаецца экалагічнаму выхаванню вучняў.  

Традыцыйна гуканне вясны — справа жаночая, таму перад гасцямі фестывалю выступілі вучні ўстаноў адукацыі з Грабаўкі і Маркавіч, творчы калектыў выхавацеляў Пясочнабудскага ясляў-сада і аматарскае аб’яднанне “Сустрэча” Пясочнабудскай сельскай бібліятэкі. Яны прадставілі абрады заклікаў вясны, што бытавалі ў іх мясцовасці. Грабаўскія дзяўчынкі выклікалі захапленне прыгожым танцам-карагодам, а жанчыны з Пясочнай Буды прадэманстравалі, якія спевы бытавалі на іх малой радзіме.

77021-04-03_20-11-243.jpg

34666i.jpg

А вось як праводзілі абрад гукання вясны ў Маркавічах.

— У нас «вяснянкі» пачыналі спяваць толькі на Благавешчанне, якое адзначаецца 7 красавіка. Гэта — вялікае хрысціянскае свята, падчас яго забаранялася любая работа. Казалі, што ў гэты дзень «пціца гняздо не ўе, дзеўка косу не пляце», — расказаў адзін з арганізатараў фестывалю, ураджэнец Маркавіч Віктар Шыпкоў. — Жанчыны, дзяўчаты і дзеці ў гэты дзень беглі ў дуброву (зараз гэтае месца называецца Дуброўкі), заводзілі танок (танец-карагод) і пачыналі пець “вяснянкі”, клікаць птушак, абуджаць зямлю ад зімовага сну.

77021-04-03_20-11-04.jpg

721-04-03_20-11-273.jpg

Адну з такіх аўтэнтычных вяснянак і праспявалі дзяўчынкі з Маркавіч:

Зімавалі, не спявалі, вясну дажыдалі.

Вясна, вясна, мая вясна,

А што ж ты нам дый прынесла?

Старым бабам па кіёчку,

А дзевачкам па вяночку: гу-у-у!  

Нямала ўвагі прыцягнулі выставы Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы — музея водараў і шпакоўняў, якія зрабілі вучні.

— Фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка” паказаў багацейшы пласт народнай культуры малой радзімы, таму з нецярпеннем будзем чакаць працягу, — зазначылі госці і ўдзельнікі свята народнай творчасці. — Нам ёсць што пераняць ад нашых продкаў і захаваць для нашчадкаў.

Ірына ГРАМЫКА. Фота прадастаўлена Грабаўскім дзіцячым садам – сярэдняй школай.

У мінулую суботу ў Гомельскім раёне адбыўся першы фальклорна-экалагічны фестываль “Грабаўская вяснянка”
Прочитано 614 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Февраль 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29      

Яндекс.Метрика