МАЯК

Дзейнасць клубных устаноў па развіццю народнай творчасці і захаванню традыцыйнай культуры Гомельскага раёна — гэтай тэме было прысвечана выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло ў Навагуцкім доме культуры.

— Мы вас вітаем! — у фае дэпутатаў гасцінна сустракалі вітальнымі песнямі і хлебам-соллю ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь хора “Сож” Навагуцкага СДК пад кіраўніцтвам Яўгена Кірыкава. Невялікі канцэрт падрыхтавалі і некалькі калектываў мясцовых дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў: дарослыя і дзеці паказалі вянок народных танцаў, праспявалі беларускія песні.

На тэрыторыі раёна дзейнічаюць Цэнтр культуры Гомельскага раёна і Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і вольнага часу, у склад якіх уваходзяць 23 і 5 клубных устаноў адпаведна, 34 бібліятэкі, аб’яднаных у цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, 7 дзіцячых школ мастацтваў.

— Яны ажыццяўляюць сувязь часоў, традыцый і пакаленняў, — адзначыла загадчыца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Хімакова. — Ва ўстановах культуры дзейнічаюць больш за 230 клубных фарміраванняў, сярод іх налічваецца 35, якія маюць ганаровыя найменні “узорны” і “народны”, а два калектывы ўдастоены звання “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Усе яны захоўваюць і памнажаюць  багатыя народныя традыцыі Гомельшчыны, з поспехам удзельнічаюць у  фестывалях і конкурсах — фальклорных, нацыянальных культур, харэаграфічнага і песеннага майстэрства — у нашай краіне і за яе межамі, — дадала Аксана Хімакова і пералічыла некалькі апошніх, самых значных перамог нашых землякоў.

Загадчыца Навагуцкага СДК Алена Дудкіна запрасіла гасцей азнаёміцца з сапраўднымі шэдэўрамі — работамі майстроў Гомельскага раёна, бо на выставе былі прадстаўлены вырабы як жыхароў Новай Гуты і ваколіц, так і майстроў з іншых населеных пунктаў. Справа ў тым, што на базе Навагуцкага СДК дзейнічае цэнтр рамёстваў Гомельскага раёна дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”.

— Цэнтр рамёстваў, якім загадвае Таццяна Браім, дзейнічае ўжо пяць гадоў і быў створаны з адзінай мэтай — захаваць і развіваць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, — працягвала далей Аксана Хімакова. — Асаблівая ўвага надаецца самабытным народным рамёствам, такім, як ткацтва, выцінанка, пляценне з лазы і саломкі, вышыўка і работа з дрэвам. Мы шукаем майстроў і просім іх падзяліцца сакрэтамі свайго рамяства з моладдзю. Каб зацікавіць, паказваем падлеткам і маладым людзям найлепшыя работы мясцовых майстроў, і часта выставы сумяшчаем з майстар-класамі.

У Гомельскім раёне пражываюць больш ста майстроў: практычна ў кожным населеным пункце ёсць таленавітыя людзі, якія ахвотна дэманструюць работы на выставах. Лепшыя ўваходзяць у склад народнага клуба “Крыніца” пры Цэнтры культуры Гомельскага раёна, які налічвае ўжо 30-гадовую гісторыю.

Клуб аб’ядноўвае майстроў, якія працуюць у розных тэхніках і з разнастайнымі матэрыяламі: Сяргей Равінскі з пасёлка Зябраўка — з бяростай, яго зямлячка Ірына Круглова — з рускімі каклюшкамі, пляце адмысловыя і шыкоўныя карункі, а зараз займаецца вышыўкай ікон. Вышыўка таксама любімы від рукадзелля ў жыхаркі Новай Гуты Валянціны Шакланавай, Марыі Надолі і Святланы Хайленка з Урыцкага, саломапляценне — у жыхаркі Грабаўкі Еўдакіі Панамаровай, а вязанне спіцамі і кручком — у Ліліі Курачовай з Новай Гуты. Валянцін Рафальскі захапляецца разьбой па дрэву.

Неаднойчы работы нашых майстроў з’яўляліся калі не галоўнымі, то адназначна самымі запамінальнымі падарункамі, якія дэлегацыі з Гомельскага раёна ўручалі гаспадарам у розных краінах.

У Гомельскім раёне адзін раз у два гады праводзіцца конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, і ў канцы мінулага года прайшоў ужо шосты творчы форум, які збірае ўсё больш удзельнікаў. Ён зацікавіў і навукоўцаў, якія нават уваходзяць у склад журы.

Ва ўстановах культуры дзейнічаюць клубныя фарміраванні па навучанню традыцыйным відам рукадзелля: “Дэкор-студыя” цэнтра рамёстваў, гурткі ў дамах культуры ў Цярэнічах, пасёлку Зябраўка і Бярозках, Лапаціне і іншых. У шматлікіх аматарскіх аб’яднаннях народная творчасць — асноўная мэта дзейнасці: у “Жытніцы” Аздзелінскага СДК, “Краснаўчан” Красненскага СДК, «Зацейлівых гаспадынек» СДК вёскі Бярозкі… А “Гаспадынька” Цярэшкавіцкага СДК больш увагі надае беларускай нацыянальнай кухні. 

Народны клуб аматараў нацыянальнай культуры “Скарбніца” Урыцкага рэгіянальна-га цэнтра культуры і вольнага часу, які працуе з 1994 года, у аснову сваёй дзейнасці паклаў пошук і захаванне мясцовых абрадавых песень. Удзельнікі калектыву  адраджаюць народныя святы, абрады і традыцыі, знаёмяць з імі падрастаючае пакаленне. І дзеці — не толькі гледачы, а і актыўныя ўдзельнікі тэатралізаваных прадстаўленняў на аснове адроджаных старажытных святаў. Дзесяць гадоў таму “Скарбніцы” было прысвоена ганаровае найменне “народны аматарскі калектыў”.

Усё большай папулярнасцю ў жыхароў раёна карыстаюцца народныя святы Масленіца, Купалле, Троіца, Зажынкі. А новай добрай традыцыяй сталі святкаванні дзён вёскі альбо пасёлка. Іх часта сумя-шчаюць з прастольнымі святамі, якія раней праходзілі ў гэтых населеных пунктах і адраджаюцца зараз.

Як паведаміла Аксана Хімакова, вядомы на маркавіцкай зямлі абрад Сула, які праводзіўся на другі дзень Вялікадня, сёлета адзначалі ўжо ў адзінаццаты раз. І з кожным годам Сула збірае, як таго і патрабуе сэнс абраду, усё больш людзей. Абрадавае свята, як і многія вясеннія, праводзіцца дзеля добрага ўраджаю, пажадання здароўя малым дзяўчынкам і каб абараніць зямлю і вёску ад стыхіі, у прыватнасці, маланак. Зараз спецыялісты распрацоўваюць пакет дакументаў для ўключэння Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь абрадавага свята Сула ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

Сваімі поглядамі на работу бібліятэкі як цэнтра далучэння да нацыянальнай культуры падзялілася загадчыца Навагуцкай сельскай бібліятэкі Святлана Задарожная.

— Дзеці і дарослыя ўсё больш цікавасці праяўляюць да друкаванага слова на роднай мове, жадаюць больш даведацца пра традыцыі продкаў, — адзначыла Святлана Міхайлаўна. — І не проста даведацца, а зразумець, што было галоўным у іх жыцці, якія каштоўнасці яны імкнуліся захаваць і перадаць нам, сваім нашчадкам.

Вынікі работы выязнога пасяджэння прэзідыума падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Тамара Прымак. Па разглядаемаму пытанню прынята рашэнне.