Мы в соцсетях

У сяльгаспрадпрыемствах раёна вядуцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. Пры гэтым вызначаны тэрмін гатоўнасці машынна-трактарнага парку, прычапных і навясных агрэгатаў. Першага сакавіка ўся неабходная тэхніка павінна быць выведзена на лінейку гатоўнасці.

Да рамонтных работ, як і звычайна, вяскоўцы прыступілі яшчэ з восені. Праведзеная дагэтуль дэфектоўка выявіла неабходныя затраты і аб’ёмы работ. У кожнай гаспадарцы — яны розныя. І гэта, у першую чаргу, залежыць ад тэхнічнага стану, зношанасці вузлоў і агрэгатаў. Не сакрэт, што на працягу апошніх некалькіх гадоў стаўка ў асноўным рабілася на абнаўленне машынна-трактарнага парку. Фінансаванне ажыццяўлялася з розных крыніц. Не ў малой ступені аграрны комплекс атрымліваў і пэўныя прэферэнцыі з боку дзяржавы ў выглядзе выдзялення крэдытных, у тым ліку, ільготных. Зараз сітуацыя змянілася. Аб гэтым ішла нядаўна сур’ёзная размова падчас праведзенага на базе Гомельскага раёна рэспубліканскага семінару-нарады, прысвечанага пад-рыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. Тады адпаведныя службы былі арыентаваныя менавіта на ўзмацненне дзейнасці па тэхнічным узнаўленні, правядзенні рамонтных работ не толькі ўсіх наяўных адзінак як машынна-трактарнага парку, так і асобных прыстасаванняў, пачынаючы ад элементарных культыватараў і плугоў, да непасрэдна саміх пасяўных агрэгатаў.   

Наша рэдакцыйная брыгада азнаёмілася з ходам работ непасрэдна ў гаспадарках. Загадчык машынна-трактарнага парку аддзялення “Паўночнае” ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы”, якое размешчана ў аграгарадку Яроміна, Дзяніс Гарбузаў адказвае за даручаны ўчастак работы ўжо на працягу пяці гадоў. За гэты час выпускнік Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжу асвоіў спецыфіку дзейнасці і поўнасцю валодае сітуацыяй з падрыхтоўкай тэхнікі да веснавых палявых работ.

— У нас зараз 32 адзінкі трактарнай тэхнікі. З іх 10 энерганасычаных агрэгатаў — МТЗ, а таксама замежнай вытворчасці — “Кейс”. Аб’ём работ сёлета трэба выканаць вялікі. Зараз атрымліваем запчасткі на пасяўныя агрэгаты, аператыўна іх устанаўліваем. Вялікіх пытанняў з набыццём не маем. Кіраўніцтва нашага прадпрыемства аператыўна разлічваецца з пастаўшчыкамі за запчасткі.Тое, што набываецца ў межах рэспублікі, да нас пастаўляецца за дзень-два. А вось імпартныя — на працягу тыдня. 

Запчасткамі мы забяспечаны. І праз сістэму аграсэрвісу набывалі, і праз спецыялізаваныя фірмы — там, дзе нас задавальняе якасць і цана. У асноўным патрэба адчуваецца ў  фільтрах, падшыпніках, шэсцернях. Акрамя таго, работа ідзе па капітальным рамонце рухавікоў, а таксама задніх і пярэдніх мастоў. У асноўным, імкнемся абыходзіцца ўласнымі сіламі, а калі трэба, дык выклікаем спецыялізаваныя брыгады рамонтнікаў з ААТ “Гомельаблаграсэрвіс”, якія праводзяць работы непасрэдна на нашай базе.

Да слова, спецыялісты з ААТ “Гомельаблаграсэрвіс” зараз забяспечваюць сяльгасарганізацыі гарантыйным і паслягарантыйным абслугоўваннем. У апошнім выпадку яшчэ выдаецца гадавая гарантыя на праведзеныя работы. Аўралу ў рамонце тэхнікі ў ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы”  мы не заўважылі. Ды і запаволенасці не назіралася. Усё ішло сваім парадкам. Тым больш, што спяшацца тут трэба з розумам. Галоўнае — якасць! Заўсёды можна адрапартаваць аб тым, што ўсё зроблена. А вось першыя выхады тэхнікі на палеткі, пачатак масавых работ адразу выяўляюць так званыя прыпіскі. “Ліпа” на паперы — прастой у полі. Ды і механізатары зараз самі зацікаўлены ў якасным правядзенні рамонтных работ.

Трактарыст ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” Руслан Ткачоў зай-маўся рамонтам пярэдняга маста. Яму дапамагаў слесар па рамонце Аляксандр Шыпелін. За гэтай работай мы і засталі іх. Праўда, пры гэтым адцягнулі ўвагу ад працэсу, каб зрабіць фотаздымак. Тым часам у ангарах працягваўся працоўны дзень. 

 

Дзяніс Гарбузаў прапанаваў наведаць яшчэ адзін аб’ект, размешчаны на мехдвары. Гэта — пункт тэхнічнага абслугоўвання, дзе працуе майстар-наладчык Рыгор Асіпенка (на здымку 2). За яго плячыма 39 гадоў працоўнага стажу. З іх 7 гадоў былы механізатар займаецца непасрэдна абслугоўваннем падрыхтаванай тэхнікі да работ на палетках. Сам пункт мае не толькі адпаведны знешні і ўнутраны выгляд. У наяўнасці шырокі спектр дыягнастычнага абсталявання, іншых дробязяў для якаснага абслугоўвання вузлоў і механізмаў.

—  Зараз мы прымаем усе захады дзеля таго, каб быць гатовымі для выхаду ў поле, — зазначыў у размове намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” Мікалай Місачэнка. — Па энерганасычаных трактарах — гатоўнасць поўная. З трох шыроказахопных зерневых сеялак, такіх як “Kвернелэнд”, “Хoрш” і “Бярэсце”, адну застаецца адрамантаваць часткова. На двух дыскатэрах трэба перабраць рабочыя органы, на некаторых культыватарах правесці замену сошнікаў. Для сяўбы кукурузы ў нас ёсць дзве сеялкі дакладнага высеву фірмы “Aмазон”. Зараз аб’явілі тэндэр на закупку яшчэ адной падобнай. Сродкі на гэта мы выдзяляем. Да пасяўной кампаніі будзем поўнасцю падрыхтаванымі.

Аляксандр РАМАШОЎ

Фота Аляксея НАРЭЙКІ

У сяльгаспрадпрыемствах раёна вядуцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ
Прочитано 1023 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика