Мы в соцсетях

У завяршальную стадыю ўступілі работы па ўборцы кукурузы на сілас. Паводле аператыўных дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага райвыканкама, па стане на 19 кастрычніка сяльгаспрадпрыемствамі 12546 гектараў плошчаў ужо ўбрана. На фінішную прамую выйшлі механізатары УСП “СлаўМол”. Тут ужо ўбрана 2076 гектараў кукурузнага кліну.

Ужо не першы год безумоўным лідэрам у гаспадарцы падчас работ, звязаных з нарыхтоўкай кармоў, з’яўляецца Уладзімір Лапушкін. Тут ён працуе з 1979 года. За гэты час зарэкаменадаваў сябе, як знаўца сваёй справы і ўвогуле адказны працаўнік. Пры гэтым, найбольшых поспехаў яму ўдаецца дасягнуць менавіта на кукурузных палетках. Дапасуе ў рабоце і надзейны камбайн JAGUAR вядомага ва ўсім свеце вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі CLAAS. Невыпадкова, што за сезон яму ўдаецца нарыхтоўваць на гэтай машыне ў сярэднім па 50–60 тысяч тон зялёнай масы. Праўда, сёлета на “восеньскім жніве” з-за умоў надвор’я за змену атрымліваецца не больш як 500 тон. Хаця на пачатку сіласавання кукурузы аб’ёмы даходзілі і да 1000 тон. Галоўным чынам, гэта адбываецца з-за таго, што першыя восеньскія прымаразкі ссушылі зялёную масу.

— Да першага лістапада павінны справіцца, — запэўнівае аграном УСП “СлаўМол” Аляксей Лашкевіч. — Праўда, вось на ўраджайнасць зялёнай масы, асабліва на чарназёмах,  халады сур’ёзна паўплывалі, плюс дажджы зрабілі сваю справу. Таму зараз прыкладаем усе намаганні, каб не дапусціць страт.

Работы па сіласаванні кукурузы вядуцца дастаткова дынамічна. За змену ўдаецца ўбіраць ад 30 да 40 гектараў за дзень. На новенькім КВК-800 «ПАЛЕССЕ FS80», аснашчаным рухавіком ОМ 502 LA (Mercedes-Benz) шчыруе Віктар Раманаў. Сёлета тэхніку прыдбала гаспадарка для таго, каб і ў далейшым аператыўна праводзіць работы падчас корманарыхтоўчай кампаніі. Дарэчы, яго калега — Ігар Дзядзенка — працуе на падобнай тэхніцы ўжо не першы год. На гэтай машыне ўстаноўлены айчынны рухавік Д-280.1 S2-01 вытворчасці Мінскага маторнага завода. Прадукцыйнасць корманарыхтоўчых камбайнаў класу КВК на нарыхотоўцы кукурузнага сіла-су складае да 160 тон за гадзіну. Зараз ураджайнасць кукурузных палеткаў у “СлаўМоле”, у залежнасці ад таго ці іншага поля, вагаецца ад 230 да 250 цэнтнераў.

Усяго ў “СлаўМоле” на адвозцы задзейнічана ад 14 да 17 адзінак тэхнікі. Даводзіцца прыцягваць і дапамогу з суседніх гаспадарак. Непасрэдна ў аддзяленні Аздзеліна на гэтых работах працуе 10 аўтамабіляў і трактароў. Яны бесперабойна дастаўляюць кукурузную масу на сіласныя ямы ля фермы, якія размешчаны побач з населеным пунктам Рагі. Так, для атрымання высока-спажыўнага сіласу неабходна яго яшчэ і якасна закласці на захоўванне. На гэтых работах па трамбоўцы многае залежыць ад механізатара Уладзіміра Зелічонка. Яго працоўны стаж у гаспадарцы пачынаецца з 1980 года. Амаль такі ж “доўгажыхар” — яго магутны К-700. Побач на такім жа працуе Юрый Емельяненка. Менавіта з дапамогай такой тэхнікі пакуль, у пэўнай ступені, і забяспечваецца поспех жывёлагадоўчай галіны “СлаўМола”.

Для працаўнікоў палеткаў у гаспадарцы з самага пачатку вясны арганізавана двухразовае харчаванне. Яно наладжана праз уласны катлапункт — своеасаблівую сталовую, дзе і гатуюць паўнацэнныя гарачыя абеды. Ён  размешчаны на другім паверсе прыстасаванага памяшкання ў вёсцы Рагі.

Падчас нашага знаходжання ў “СлаўМоле” механізатарам прывезлі абед. На першае быў расольнік, на другое — лянівыя галубцы, а на трэцяе — кісель. А вось у склад сухога пайку ўваходзіла каўбаса, салата, пячэнне і газіраваная вада.

— Зараз мы гатуем абеды на 75 чалавек. А у самы “гарачы” час жніва даводзілася і да 200 абедаў гатаваць, — гаворыць загадчыца катлапункта Святлана Здаравец. — Непасрэдна ў мае абавязкі ўваходзіць не толькі кухарыць, але і, да таго ж, яшчэ і весці ўсю неабходную дакументацыю па прыходу-расходу прадуктаў харчавання. Іх нам дастаўляе Гомельскае раённае спажывецкае таварыства. На першым паверсе сталовай у нас ёсць фірменны магазін ААТ “Мілкавіта” ад гандлёвага дома “Молочное кружево”. Ён забяспечвае нас малочнай прадукцыяй. Свініна і ялавічына ў нас — з КСУП “Урыцкае”. Да таго ж, і Гомельскае райспажыўтаварыства пастаўляе таксама неабходную мясную прадукцыю.

Немалаважным аспектам у “СлаўМоле” лічаць і аплату за гарачае харчаванне падчас правядзення ўсяго комплексу палявых работ. Штогод гаспадарка бярэ на сябе ад 80 да 90 працэнтаў выдаткаў на гэтыя мэты. Сёлета, паводле дадзеных эканамічнай службы УСП “СлаўМол”, абед і вячэра абыходзяцца механізатару ў сімвалічны кошт — да 1 рубля, у залежнасці ад той ці іншай стравы.

— Сёлета мы плануем закласці на зімова-стойлавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы кукурузнага сіласу ў аб’ёмах не менш як 48 тысяч тон, — гаворыць галоўны аграном УСП “СлаўМол” Васіль Чурыкаў. — Гэта дазволіць нам поўнасцю забяспечыць усё пагалоўе гэтым відам корму.

Аляксандр РАМАШОЎ

НА ЗДЫМКАХ: аграном Аляксей Лашкевіч; механізатар Уладзімір Лапушкін; раздатчыца Алена Асонава.

Фота Аляксея НАРЭЙКІ

У завяршальную стадыю ўступілі работы па ўборцы кукурузы на сілас
Прочитано 966 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика