МАЯК

Сёння адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці абраду "Ваджэнне Сулы" на другі дзень Вялікадня ў Гомельскім раёне.

Абрад “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці ўяўляе сабой адметнае праяўленне веснавой абраднасці, семантычна скіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці на агародзе і палетках, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі — маланкі. У ваджэнні Сулы аб’ядноўваюцца дзве суседнія вёскі — Гадзічава і Маркавічы — і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей — жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя па-мясцоваму адметныя самаробныя строі.

Слова “сула” ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў.

Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня, распачынаючы час моладзевых гулянняў на вуліцы.

Падрыхтавала Ірына ГЛУШЭЦ.