Мы в соцсетях

Жыхары Гомельскага раёна зноў удзельнічалі ў здымках на абласным тэлебачанні, на гэты раз — у перадачы “Размаўляем па-беларуску”. У студыі сустрэліся дзве каманды — з вёскі Аздзеліна і рабочага пасёлка Бальшавік. Здымкі адбыліся 17 кастрычніка. У эфір перадача выйдзе бліжэй да навагодніх святаў, і аб дакладнай даце мы паведамім дадаткова.

Ідэю сабраць дзве каманды вясковых жыхароў і паўдзельнічаць у інтэлектуальнай баталіі прапанавала вядучая перадачы Алена Трацэнка падчас здымак перадачы “Добры вечар, Гомель”, калі ў тэлестудыю на Пушкіна, 6 запрасілі сям’ю Адзінцовых са Старой Беліцы. Ідэя аказалася прывабнай. Першай сабралася каманда “Сябры” з Аздзелінскага дзіцячага сада – базавай школы ў складзе дырэктара і супрацоўніка навучальнай установы Ірыны Быкаўцавай і Васіля Палазняка, а таксама вучаніцы 7 класа Аляксандры Семянцовай. Яна і “выклікала” на паядынак каманду з Бальшавіка. У яе склад таксама ўвайшлі педагогі — намеснік загадчыцы Торфазаводскім яслямі-садам Вольга Барабанава і настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай сярэдняй школы Таццяна Дзмітрыева. А так як у другой камандзе была дзяўчынка-падлетак, то і ў склад ”бальшавіцкай” увайшоў 12-гадовы Дзмітрый Барабанаў.

— Назва каманды ўзнікла хутка — мы ўсе суседзі, жывем у адным пасёлку, — расказвае Вольга Барабанава. — Нават больш таго: Таццяну Данілаўну лічу прыёмнай маці для ўсіх вучняў, у каго яна класны кіраўнік. А мой сын якраз вучыцца у яе класе. Прапанову, ці, хутчэй, “выклік”, памерацца сіламі ў інтэлектуальнай гульні мы прынялі адразу. Да таго ж, і гонар абавязваў: у нашым садку я вяду беларускамоўны сямейны клуб “Эрудыт”. Часта дома з дзецьмі — Дзімай і дачушкай Ганнай — мы глядзелі гэтую перадачу “Размаўляем па-беларуску”. Бывала, што з лёгкасцю адказвалі на пытанні, што задавалі ўдзельнікам гульні, а часам прыходзілася і паразважаць, падумаць. Таму і на здымкі ехалі з разуменнем таго, што нас чакае. Але ж камера валодае нейкай асаблівай сілай: спачатку ўсе мы, канешне, хваляваліся. Аднак даволі хутка прызвычаіліся, і яе амаль ужо не заўважалі. Больш думалі над пытаннямі і заданнямі, а таксама — сачылі за хуткасцю пры націсканні кнопачкі, што паказвала наша веданне правільнага адказу. Для кожнага з нас гэта быў першы вопыт тэлевізійных здымак, і мы адчувалі поўную падтрымку персанала і аператараў, вядучай і сувядучага — пісьменніка Святаслава Крупенькі. Аб адным мы, канешне, пашкадавалі — не ведалі, што можна прыехаць са сваёй камандай балельшчыкаў, але ж іх падтрымку адчувалі і на адлегласці. 

— Каманды паказалі добрае валоданне беларускай мовай, з лёгкасцю адказвалі на даволі цяжкія пытанні, — расказвае каардынатар Ларыса Грыгарэнка, якая і сабірала каманды для ўдзелу ў гульні. — Аб гэтым жа гаварыў і сувядучы перадачы, пісьменнік і мовавед Станіслаў Крупенька, які з зацікаўленасцю сачыў за ходам гульні і адказамі каманд з Гомельскага раёна. А пасля яе заканчэння павіншаваў усіх з першым вопытам публічнага выступлення, адзначыў граматнасць і добрае валоданне роднай мовай.  

Сваімі ўражаннямі аб інтэлектуальнай гульні і здымках падзяліліся і ўдзельнікі каманды з Аздзеліна:

— Рыхтуючыся да эфіру мы, вядома, хваляваліся. Думалі, вось прыедзем на тэлестудыю і не будзем ведаць, што там рабіць. Атрымалася ж зусім інакш: нас вельмі добразычліва сустрэлі, стварылі камфортную атмасферу і ўсё прайшло выдатна. Пазнаёміліся з цікавымі людзьмі, атрымалі незабыўныя ўражанні і, сапраўды, адпачылі душой. Размаўляць па-беларуску — гэта цудоўна! — падзялілася дырэктар ДУА “Аздзелінскі дзіцячы сад – базавая школа” Ірына Быкаўцава. 

Ірына ГАЛАВАЧОВА

Жыхары Гомельскага раёна - зноў на абласным тэлебачанні
Прочитано 1151 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика