Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь у межах рэалізацыі сумесных праектаў Саюзнай дзяржавы падрыхтаваў тэматычную экспазіцыю “Жывая спадчына Беларусі”. Яна дзейнічае на галоўнай выставе Расійскай Федэрацыі — ВДНГ у Маскве. Экспазіцыя знаёміць з традыцыямі народнай культуры і духоўным багаццем беларусаў, цікавымі рамёствамі і нематэрыяльнымі каштоўнасцямі, у тым ліку і Гомельскага раёна.
Вядучы метадыст па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Драздова, якая прымала ўдзел у падрыхтоўцы тэматычнай экспазіцыі, адзначае:
— Перад работнікамі культуры кожнай вобласці стаяла задача паказаць самыя яскравыя праявы народнай творчасці, матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны нашых продкаў. Прыемна, што Гомельшчына выклікае цікавасць.Нават навіна на афіцыйным сайце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі пра адкрыццё тэматычнай экспазіцыі ў павільёне № 18 “Рэспубліка Беларусь” пра-ілюстравана фотаздымкамі стэнда Гомельскай вобласці.
Невялікая па аб’ёме, але насычаная па зместу, яна раскрывае багатую культурную спадчыну нашага краю. Напрыклад, абрад “Ваджэнне Сулы”, які праводзіцца на другі дзень Вялікадня ў вёсках Гадзічава і Маркавічы. Сёлета гэта прыпадае на 17 красавіка. Расказ пра асаблівасці, сэнс абраду праілюстраваны традыцыйным жаночым касцюмам “маркавіцкага строю”. Ён адрозніваецца яркімі фарбамі, вялікай колькасцю каляровых стужак (для дзяўчат) і адмысловымі прадметамі адзення: чырвоным андаракам (спадніцай), часта ў клетку, чорнай ушваркай (безрукаўкай) са складкамі ззаду, што надае жаночай постаці прыгожы абрыс. Замужнія кабеты адмысловым чынам павязвалі хустку, што таксама з’яўляецца адметнасцю вобраза карэннай жыхаркі Маркавіч і бліжэйшага наваколля.
— Абраду “Ваджэнне Сулы” некалькі гадоў назад быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, — дадае Вольга Драздова. — На-ведвальнікі экспазіцыі ў Маскве могуць азнаёміцца і з традыцыйнымі рамёствамі Гомельшчыны, у тым ліку саломапляценнем, аб’ёмнай разьбой па дрэве і тканымі руш-нікамі. Дарэчы, ткацтва, якое захавалася ў аграгарадку Неглюбка Веткаўскага раёна, таксама ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны.
Застаецца дадаць, што экспа-зіцыя “Жывая спадчына Беларусі” будзе дзейнічаць да 4 чэрвеня.
Ірына ГРАМЫКА. Фота з сайта ВДНГ.