Мы в соцсетях

На працягу года ў сацыяльнай сетцы Instagram дзейнічае праект “Беларускі сямейны альбом”, вынікам якога стала канцэптуальная выстава “Кола жыцця беларуса”, якая размясцілася ў Музеі гісторыі горада Гомеля.

Ініцыятарамі праекта выступілі ўраджэнец Гомельскага раёна Уладзімір Александронец і дэпутат Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Кацярына Ваўчок.

IMG_3577.JPG

IMG_3482.JPG

— Задумваючы праект, мы разважалі пра тое, як “прымусіць” беларуса і беларуску азірнуцца і паглядзець у вочы сваіх продкаў. У кожнага фотаздымка — свая гісторыя: моцы і гонару, трагедыі і болю, шчасця і любові, — расказвае Уладзімір Александронец.

Шэсць зваротаў “кола жыцця беларуса” распавядаюць пра дзяцінства, станаўленне, навучанне, вяселле, сямейнае жыццё і смерць. Усё гэта зафіксавана на старых фотаздымках, частку якіх можна ўбачыць на выставе. Часовы прамежак, як і геаграфія, — неабсяжныя: некаторыя фатаграфіі зроблены напрыканцы XIX стагоддзя, і на іх — жыхары ўсіх абласцей сучаснай Беларусі.

Па здымках можна прасачыць жыццё і сямейны ўклад усіх слаёў насельніцтва: ад сялян да прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі здымкі, датаваныя пачаткам мінулага стагоддзя і падпісаныя як «Невядомыя чыноўніцы з Магілёва, 1916 год», «Камунія (першае прычасце) маленькіх прыгажунь з Бярозы ў 1930-м годзе», «Земскае вучылішча ў вёсцы Млынок, 1916 год» (сучасны Петрыкаўскі раён).

Screenshor.jpg

Дарэчы, некаторыя здымкі, прадстаў-леныя на выставе, адлюстроўваюць падзеі з жыцця нашых землякоў. Вось, да прыкладу, “першы зварот кола — дзяцінства”: на фота мы бачым дзяўчынак у традыцыйным адзенні — гэта маленькія жыхаркі вёскі Маркавічы. Здымак датаваны пачаткам мінулага стагоддзя. З другога, “трэцяга зварота кола — станаўлення”, на нас глядзіць ураджэнец Руднемарымонаўскага сельсавета, курсант афіцэрскага вучылішча Іван Кашлач. Сфатаграфаваўся малады чалавек у далёкім 1941-м годзе… Гэта яго апошні здымак, бо ён не вярнуўся з вайны…

Экскурсію працягнула Кацярына Ваўчок, якая вельмі цікава распавяла пра вясельныя традыцыі беларусаў і адзначыла, што спецыяльна да выставы быў адноўлены вяночак з кветкамі, у якім нашыя бабулі выходзілі замуж.

IMG_3614.JPG

— Вяселле на вёсцы было жаданым святам, якое цягнулася па некалькі дзён і мела свае асаблівасці, — дадала Кацярына. — Дарэчы, нікому з хлопцаў не хацелася атрымаць адмову ад будучай нявесты і стаць аб’ектам для кпінаў аднавяскоўцаў на доўгі час, калі не на ўсё жыццё. Таму перад тым, як ісці ў сваты, рабілі перапыты: ці згодна будзе дзяўчына пайсці замуж.

Вось на гэтым здымку ўраджэнка вёскі Займішча Гомельскага раёна Валянціна Навуменка сфатаграфавана ў дзень свайго вяселля, — дадала Кацярына Ваўчок і працягнула цікавы экскурс у сямейны ўклад беларусаў.

Асаблівы настрой на ўрачыстым адкрыцці выставы стварыла народная этна-група “Біфолк” палаца культуры “Фестывальны” (мастацкі кіраўнік Юлія Музычкіна), якая выканала некалькі твораў, сярод якіх былі нават узноўленыя спевы XVII стагоддзя.

IMG_3489.JPG

Тое, што выстава “Кола жыцця беларуса” падрыхтавана прыватнай сацыяльна-інфармацыйнай установай “Майстэрня інавацыйных тэхналогій”, стала падмуркам для пранікнення лічбавых тэхналогій у музейную справу: ля кожнага плаката з фотаздымкамі прымацаваны аркуш з QR-кодам. Пры ягоным сканіраванні можна патрапіць на старонку ўстановы і атрымаць больш звестак пра выставу, іншыя здымкі і гісторыі людзей, якія на іх занатаваны. Дарэчы, на адкрыцці экспазіцыі прысутнічаў Аляксандр Седзіч — адзін з тых, чыя фотакартка, зробленая ў 1950 годзе, была абрана для выставы афлайн.

Экспазіцыя выклікала непадзельны інтарэс у шырокага кола жыхароў Гомеля і яго ваколіц, навукоўцаў і проста тых, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю. Старшыня Гомельскога раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька адзначыла:

— Гэтая выстава, на маю думку, у цяперашні час вельмі актуальная. Праз старыя фотакарткі, зробленыя ў розных рэгіёнах нашай краіны ў першыя дзесяцігоддзі папярэдняга стагоддзя, мы бачым не толькі гісторыю аднаго чалавека, цэлай сям'і і яе пакаленняў. Мы паглыбляемся ў гісторыю нашай краіны праз лёс аднаго чалавека. Узіраючыся ў твары і постаці людзей на фотаздымках, разумееш, які багаты ўнутраны свет напаўняе імгненне і запаўняе ўсяго цябе. Дзякуй арганізатарам за творчую атмасферу адкрыцця выставы, за тое, што ўсе прысутныя (думаю, яны мяне падтрымаюць) адчулі сабе адной вялікай сям'ёй, а гэтага пачуцця нам, беларусам, так сёння не хапае.

IMG_3546.JPG

IMG_3497.JPG

А жыхарка Гомеля Ксенія Літвін дадала, што ў яе таксама захаваўся сямейны альбом, фотаздымкі ў якім датуюцца пазамінулым стагоддзем, і пра сваіх продкаў-жанчын яна можа многае паведаміць. Дарэчы, бацькі і назвалі яе ў гонар адной з прабабуль.

Кацярына Каваленка, якая раней працавала у сферы адукацыі ў Гомельскім раёне, прыняла ўдзел у рэалізацыі праекта, ды не адна, а разам са сваімі вучнямі, навучэнцамі гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа. Большая частка іх фотаздымкаў размешчана ў Інстаграме. Зусім нядаўна адна з вучаніц, Насця Купрыянава, прынесла фотаздымак сваёй прапрабабулі, ураджэнкі Гомельшчыны, які быў зроблены ў канцы XIX стагоддзя.

IMG_3630.JPG

IMG_3519.JPG

IMG_3630.JPG

Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, наведаць Музей гісторыі горада Гомеля па адрасе: вуліца Пушкіна, 32. Выстава будзе дзейнічаць да 4 кастрычніка. Дарэчы, тут можна будзе зрабіць і новы сямейны здымак у спецыяльнай фотазоне, стылізаванай пад рэаліі мінулага стагоддзя.

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Кола жыцця беларуса, альбо Падарожжа па лёсах
Прочитано 573 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Май 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Яндекс.Метрика