Мы в соцсетях

Завяршаецца масленічны тыдзень. Традыцыйна ў гэтыя дні гаспадыні гатавалі для сваіх родных гарачыя і любімыя блінцы ды аладкі, кожнаму пад яго густ. Для адных — тоненькія, карункавыя, другія ж любяць тоўсценькія з ружовай скарыначкай, каб можна было нібы лыжачкай зачарпнуць апетытную мачанку.

Менавіта такія любяць і ў сям’і Максіменка з Зялёнага Гаю Аздзелінскага сельсавета. Зінаіда Цімафееўна з ахвотай згадзілася правесці для журналіста “Маяка” майстар-клас па прыгатаванню ў печы тоўсценькіх “наліўных” бліноў.

Перш-наперш гаспадыня дала новаспечанай “сялянцы” хустку і фартук, расказала рэцэпт і спосаб прыгатавання цеста. Але перад гэтым мы запалілі ў печы: пакуль працавалі з цестам, дровы разгарэліся і прагравалі ніз і “неба” печы, як прамовіла Зінаіда Цімафееўна.

Ну дык вось. Бярэш муку, яйка, соду, сыраквашу альбо кефір, соль і цукар па густу, хутка і дбайна размешваеш. Цеста павінна быць густым і тугім, — павучала гаспадыня, адначасова завіхаючыся ля печы: то на прыпечак трохножку металічную для патэльні паставіць, то загляне, як дровы разгараюцца. — Вучыся, як у печы гатаваць! Раней у вёсках на вяселлях госці маладой “экзамен” рабілі: як яна ля печы ўвіхаецца, якія стравы прыгатаваць можа? Так, добра, цяпер льеш у цеста алей, яшчэ размешваеш.

Пакрысе цеста набыло той стан, які задаволіў дбайную гаспадыню, патэльня, папярэдне пастаўленая ў печ, ужо разагрэлася. Яе таксама змазалі алеем, і Зінаіда Цімафееўна паказала, як густое цеста па патэльні раскласці, каб атрымаўся кругляш-“сонейка”. А потым чапялой на доўгай ручцы, зачапіўшы за край, паставіла патэльню ў печ.

Для мяне, карэннай гараджанкі, гэта нагадала тыя часы, калі маленькай дзяўчынкай праводзіла летнія канікулы ў бабулі ў вёсцы. Дагэтуль памятаю, як яна пыталася ў мяне: “Што гатаваць будем?” “Ладкі!”, — адказвала я, і потым, як зачараваная, глядзела на агонь у печы, патэльню, на якой белыя кавалачкі цеста набывалі апетытны колер, ад якіх ішоў смачны водар.

Пакуль бліны выпякаліся, гаспадыня расказала пра сваё жыццё. Ураджэнка Аздзелінскага сельсавета выйшла замуж за хлопца са Свяцілавіцкага раёна Івана Максіменка. Пазнаёміліся, калі маладога чалавека прыслалі на практыку ў Аздзеліна. Амаль усё жыццё пражылі ў Зялёным Гаі: Іван Іванавіч працаваў механізатарам, Зінаіда Цімафееўна — даяркай.

Мяне папрасілі падмяніць захварэўшую даярку дні на тры. А яны расцягнуліся амаль на трыццаць гадоў! Цяжка прыйшлося: даіла ўручную, цяжкія бідоны цягала! Потым дзеткі пайшлі: аж пяцёра сыноў нарадзіла! Усё дачушку хацела. Але ж і хлопцы мне вельмі дапамагалі, нават кароў даіць. Мы трымалі вялікую гаспадарку, бо інакш нельга было. Ніколі не сумавала: песні спявала, байкі чытала ды прыпеўкі пра сваё жыццё складала.

Зінаіда Цімафееўна больш трыццаці гадоў уваходзіла ў склад творчага калектыву “Жытніца” Аздзелінскага дома культуры. І дагэтуль яе сяброўкі — па жыцці, рабоце і творчасці — запрашаюць: “Прыйдзі, Зінаіда, разам паспяваем!”. Без мясцовай “зорачкі”, задорнай, смяшлівай і, галоўнае, — добразычлівай не абыходзілася ні адно свята ў пасёлку. Зінаіда Цімафееўна і мяне, лічы, чужога чалавека, сустрэла як родная маці, навучала-настаўляла жыццёвай мудрасці.

За размовамі і не заўважылі, як перакулілі на патэльню апошнія кроплі цеста. Абавязкова да бліноў трэба было прыгатаваць мачанку, але ж гэты пачэсны абавязак у сям’і Максіменка выконвае Іван Іванавіч. Ён нарэзаў кавалачкі сала, падсмажыў яго на патэльні, дадаў парэзанай цыбулі, смятаны і даў крыху патаміцца.

І вось адна з традыцыйных беларускіх страў, бліны з мачанкай, была гатовая, і гаспадары запрасілі журналістаў да стала.

Як ручкі прыгатавалі, так і роцік есці будзе! — зазначыла Зінаіда Цімафееўна і ўхваліла: — яшчэ крыху практыкі, і ты будзеш, як сапраўдная сялянка, завіхацца ля печы!

Ірына ГРАМЫКА

Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ

IMG_1891.JPG

IMG_1894.JPG

IMG_1903.JPG

IMG_1910.JPG

IMG_1920.JPG

IMG_1922.JPG

IMG_1957.JPG

IMG_1962.JPG

IMG_1994.JPG

IMG_2016.JPG

IMG_2008.JPG

IMG_2016.JPG

IMG_2053.JPG

IMG_2204.JPG

IMG_2215.JPG

Сонца на патэльні, альбо Масленіца ў вёсцы
Прочитано 904 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Май 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Яндекс.Метрика