Мы в соцсетях

Свой працоўны шлях вядомы беларускі пісьменнік Анатоль Зэкаў пачынаў з нашай газеты і Гомельскага райкама камсамола, работа ў якім аказалася не менш творчай і насычанай падзеямі, чым у журналістыцы.

Па нашай просьбе Анатоль Мікалаевіч падзяліўся ўспамінамі аб сваім камсамольскім юнацтве.

З газеты — ў райкам

У рэдакцыю “Маяка” я прыйшоў у сакавіку 1977 года, будучы студэнтам-пяцікурснікам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А праз дзесяць месяцаў на раённай справаздачна-выбарнай камсамольскай канферэнцыі быў зацверджаны загадчыкам арганізацыйнага аддзела Гомельскага РК ЛКСМБ.

Вялікага жадання пакідаць рэдакцыю не было: са школы марыў пра журналістыку. Але дэкрэтны водпуск супрацоўніцы, якую я замяняў, заканчваўся, трэба было думаць аб будучым месцы працы. Рэдактар Іван Паўлавіч Дземідзенка параіў не адмаўляцца ад пасады ў райкаме. “У рэдакцыю потым на маё месца прыйдзеш”, – усміхнуўся ён на развітанне.

На той час першым сакратаром райкама камсамола быў Аляксей Карпенка, другім — Уладзімір Пугачоў, сакратаром па школах — Галіна Гуд, загадчыкам сектара ўліку — Тамара Барысенка, інструктарам у маім аддзеле — Люба Прахарэнка.

Цікава, дзе яны цяпер? Вось бы сустрэцца...

Новая праца была крыху знаёмая: у школе з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі, ва ўніверсітэце — камсоргам групы. І ўсё ж, гэта быў абсалютна іншы ўзровень. Цэлы раён, дзясяткі камсамольскіх арганізацый рознага профілю, не адна тысяча камсамольцаў!

Шмат часу райкамаўцы праводзілі непасрэдна на месцах, дзе жылі і працавалі камсамольцы раёна. Дарэчы, там я знайшоў і жонку — яна была намеснікам сакратара камсамольскай арганізацыі саўгаса імя Някрасава. А сын нарадзіўся якраз у дзень пленума, на якім мяне абралі другім сакратаром райкама. У якасці запрошанага на ім прысутнічаў мой цесць. Можаце ўявіць, як нам абодвум сядзелася ў зале!..

Пуцёўка ў жыццё

Камсамол многім даў старт для росту, імпульс для далейшай вучобы і развіцця.

З галоўнага агранома калгаса імя ХХII партз’езда да сакратара Гомельскага абкама камсамола — такі шлях на маіх вачах прайшоў Віктар Гаўрыленка з Яроміна.

Лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі стала аператар машыннага даення Марыя Кантур. Дакументы на яе рыхтаваў у апошні дзень. Калі паспрабаваў заікнуцца, што не паспею, загадчык аддзела рабочай і сельскай моладзі абкама Валерый Сяліцкі (які пазней стаў старшынёй аблсавета дэпутатаў) адрэзаў: “Ты зможаш. Пісаць жа ўмееш”.

Сапраўды, я ў і райкаме заставаўся журналістам. Рыхтаваў матэрыялы для рубрыкі “Камсамольскае жыццё” ў “Маяку”. Працягваў узначальваць літаб’яднанне “Пралеска”, якое з раённай газеты перайшло пад дах райкама…

Стажыроўка ў “Комсомольской правде”

У верасні 1980 года я развітаўся з райкамам і паехаў на вучобу ў Маскву — у Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК УЛКСМ. Вабіла не столькі будучая камсамольская кар’ера, колькі тое, што буду вучыцца ў спецгрупе журналістаў маладзёжнага друку.

Праходзячы стажыроўку ў “Комсомольской правде”, набыў каштоўнейшы вопыт. Ездзіў у камандзіроўкі па розных кутках Савецкага Саюза. Асабліва памятная паездка — ў Цюменскую вобласць, дзе сустракаўся з землякамі-беларусамі, якія прыбылі па камсамольскіх пуцёўках у край нафтавікоў.

236911137_0_0_0_0_600x0_80_0_0_529ef4c35ccbaddcc70ce9661e795ba8.jpg

Пасля заканчэння вучобы па размеркаванні прыехаў у Мінск, у распараджэнне ЦК ЛКСМБ. Аднак на журналісцкую працу адразу не патрапіў: у ЦК “тармазнулі” і забралі ў апарат, даручыўшы курыраваць дзіцячы і маладзёжны друк, рэдакцыі радыё і тэлебачання. Але пісаў і там — у “Знамя юности”, “Чырвоную змену”, куды перайшоў на працу ў маі 1985 года.

18-17_kopiya_3.jpg

За доўгія гады давялося працаваць у розных рэспубліканскіх выданнях, у тым ліку на пасадах галоўнага рэдактара. Выдаў чатыры дзясяткі зборнікаў паэзіі, прозы, сатыры і гумару, кніг для дзяцей. З’яўляюся лаўрэатам розных літаратурных прэмій, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А старт усім маім дасягненням далі раённая газета “Маяк” і Гомельскі райкам камсамола. Са 100-гадовым юбілеем камсамола хачу павіншаваць усіх, хто, можа успомніць мяне, і пажадаць плёну ў працы сённяшнім юнакам і дзяўчатам!

Анатоль ЗЭКАЎ

Камсамол — гэта не ўзрост, а лёс: успамінамі дзеліцца былы другі сакратар райкама камсамола Анатоль Зэкаў
Прочитано 817 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика