Мы в соцсетях

У пасёлку Калініна на вытворчай базе Рэспубліканскага сельскагаспадарчага  ўнітарнага  прадпрыемства "Гомельдзяржплемпрадпрыемства” адбыўся штогадовы конкурс работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Своеасаблівы форум сабраў прадстаўнікоў-пераможцаў з усіх раёнаў вобласці ўжо ў 23 раз.  

Сярод іх — і прадстаўніца нашага раёна. Гэта Марыя Пятроўна Мілер з КСУП “Урыцкае”, якая працуе ў гаспадарцы з 2007 года. Апошнія 4 гады непасрэдна тэхнікам-асемянатарам.  А пачынала сваю працоўную дзейнасць на малочна-таварнай ферме Галееўка. Туды яна прыйшла рабіць аператарам машыннага даення пасля таго, як сям’я пераехала з Казахстана ва Урыцкае.

— Там, як шматдзетная сям’я, мы пабудавалі кватэру, дзе зараз жывуць старэйшы і сярэдні сыны. Першы скончыў ліцэй чыгуначнікаў, а сярэдні паступіў сёлета вучыцца на слесара-рамонтніка. А мы з мужам, свякрухай і дачкой, якая ходзіць у другі клас, жывем у Аляксеяўцы, што ў двух кіламетрах ад малочна-таварнай фермы ў Галееўцы,  — гаворыць Марыя Пятроўна. — У Казахстане ў Акмалінскай вобласці, у населеным пункце за 600 кіламетраў ад Астаны, мы таксама з мужам Анатолем Савічам працавалі ў сельскай гаспадарцы. Ён — трактарыстам, а я ўлікоўшчыцай на ферме. Прымала малако, перапрацоўвала на вяршкі, а потым яшчэ ручным апаратам збівала сметанковае масла. 

Сярод удзельнікаў сёлетняга конкурсу як прызнаныя майстры сваёй справы, так і тыя, хто толькі асвойвае сакрэты нялёгкай працы тэхніка-асемянатара. Дарэчы, стаж работы 9 канкурсантаў не перавышае 5 гадоў. Упершыню гэтага выпрабавання ўдастоілася 5 чалавек — гэта яшчэ адна магія лічбаў. У конкурсе, бадай, упершыню за апошнія гады ўдзел прымалі 5 мужчын.  Між тым, хваляванне адчувалася і ў адных, і ў другіх.

Сам конкурс складаецца з дзвюх частак — тэарэтычнай і практычнай. На першай удзельнікі цягнулі білеты і адказвалі на пытанні членаў кампетэнтнага журы.                        

І не кожны, нават ведаючы адказ, змог справіцца з хваляваннем. Максімальная сума балаў за тэарэтычнную частку налічвалася да 25. Гэтую суму можна было набраць і ў практычнай частцы конкурса. Тут майстрам племянной справы неабходна было правесці адтайванне і ацэнку семяннога матэрыялу, а таксама дэталёва расказаць, як канкрэтна, з выкананнем патрабаванняў, праводзіць усе прыгатаванні для штучнага асемянення каровы. Трэба прызнаць, што журы прыйшлося не толькі параўноўваць адказы ўдзельнікаў і іх практычныя навыкі. Давялося яшчэ і скрупулёзна падлічваць балы, якія выстаўляў кожны з членаў журы, для аб’ектыўнай ацэнкі пераможцаў і прызёраў. Рашаючым з’яўляецца выхад цялят. Тут можна максімальна набраць адразу 50 балаў за выхад цялят на 100 кароў 96 і больш. Пры базавай нагрузцы ў 500 кароў за кожныя дадатковыя 100 галоў налічваецца яшчэ па 0,5 бала.

Падвядзенне вынікаў адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры. Інтрыга захоўвалася да апошняй хвіліны. Першымі былі ўзнагароды асабістага кшталту. Іх уручыў генеральны дырэктар “Белплемжыўаб’яднання” Анатоль Хацько.

За шматгадовы стаж работы на пасадзе тэхніка-асемянатара і высокія паказчыкі па выхаду цялят на 100 кароў (116) у 2016 го-дзе Ганаровую грамату і грашовую прэмію ў памеры 230 рублёў атрымаў Міхаіл Ашарчук з ААТ “Прыбалавічы”  Лельчыцкага раёна.

За асабісты ўклад у развіццё племянной жывёлагадоўлі і высокі паказчык па выхаду цялят на 100 кароў (таксама 116) у 2016 Ганаровую грамату і грашовую прэмію ў памеры 230 рублёў уручылі Настассі Кавален-ка — работніку па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна. Акрамя таго, яны адзначаны паездкай на юбілей Палаца Рэспублікі з удзелам спявачкі Сафіі Ратару.

— Хочацца сёння вам выказаць словы шчырай ўдзячнасці, словы глыбокай павагі за тую працу, якую ўкладваюць спецыялісты нашай галіны ў агульны каравай. Гэты каравай складаецца з усяго таго, што вырабляе сельскагаспадарчая галіна нашай краіны, — звярнуўшыся да ўзнагароджаных, адзначыў генеральны дырэктар “Белплемжыўаб’яднання”   Анатоль Хацько. — І сёння ў Гомельскай вобласці вашыя намаганні прыносяць свой плён. Вядома, як і ў кожнай справе, ёсць праблемы і складанасці, але вы іх выра-шаеце. Гэта, у першую чаргу, за кошт павышэння прафесійнай кваліфікацыі, навыкаў, абмену вопытам. Важнасць племянной работы складана пераацаніць. Яна заключаецца ў тым, што мы атрымліваем высокакласных, высокацэнных жывёл. Пры гэтым, яны выкарыстоўваюцца для павышэння генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы ўсёй Беларусі.

Пачэснае трэцяе месца заняла Марыя Мілер з КСУП “Урыцкае” нашага раёна. Такімі чынам, яна пацвердзіа сваё рэнамэ. Летась у яе таксама артымалася трапіць на п’едэстал гонару — і тады заняла трэцяе месца. У мінулым годзе яна асемяніла 1169 кароў, што на тры галавы больш, чым у 2015 годзе. Такім чынам выхад цялят на 100 кароў у яе склаў 96 галоў. Яе калегі з ААТ “Жгунскае” Добрушскага раёна Алена Чыжоўская (выхад цялят на 100 кароў — 113 галоў) і Ганна Літвінава (выхад цялят на 100 кароў — 116 галоў) з калгаса (ПСК) “50 год Кастрычніка” таксама адзначаны Дыпломамі трэцяй ступені і прэміямі ў памеры 345 рублёў.

Два другіх месцы за прадстаўнікамі Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў. Гэта Раман Храмянкоў з ААТ “Ціхінічы” (выхад цялят на 100 кароў — 95 галоў) і  Святлана Сапачова з ААТ “Бабоўскі” (выхад цялят на 100 кароў — 113 галоў). Яны ўдастоены Дыпломаў другой ступені і атрымалі прэмію ў памеры па 460 рублёў.

І вось кульмінацыя. Дыплом першай ступені Мікалаю Багдановічу з дзяржаўнага прадпрыемства “Козенкі-Агра” Мазырскага раёна ўручыў першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Мікалуцкі. А генеральны дырэктар “Гомельдзяржплемпрадпрыемства”  Уладзімір Мазок уручыў каштоўны прыз — сертыфікат на скутэр.

Летась Мікалай Аляксандравіч атрымаў выхад цялят на 100 кароў — 116 галоў. Да ўзроўню 2015 года + 8 цялят. Дарэчы гэта першы яго ўдзел у абласным конкурсе. І вось такая ўпэўненая заяўка на лідэрства ў племянной справе 27-гадовага спецыяліста з вышэйшай ветэрынарнай адукацыяй.

— Вашу працу цяжка чымсьці замяніць, — звярнуўся да ўдзельнікаў і пе-раможцаў конкурсу першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Мікалуцкі. — Яе, сапраўды, нельга пераацаніць. У тым, што робіцца ў жывёлагадоўчай галіне, у яе вытворчасці, асноўная заслуга — ваша. Менавіта вы закладваеце падмурак ва ўсіх пачынаннях. Племянная справа без вас проста не можа існаваць. Вы прадстаўляеце лепшых з лепшых у сваёй прафесіі на Гомельшчыне. Тут і тыя, хто больш чвэрці стагоддзя аддаў сваёй справе і маладыя спецыялісты. І я шчыра хачу, каб усе вашы каплегі, гледзячы на вынікі вашых намаганняў і той заслужанай ацэнкі, падцягваліся да паказчыкаў, што дэманструеце вы. Дзеля таго, каб весці наперад жывёлагадоўлю, развіваць племянныю справу, нам патрэбны такія спецыялісты. А дзеля гэтага я вам жадаю моцнага здароўя і падтрымкі родных ды блізкіх у вашай такой важнай рабоце і, вядома ж, далейшых поспехаў!

У 23-м абласным конкурсе работнікаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл, як дарэчы і штогод, 12 удзельнікам у якасці заахвочвання былі ўручаны граматы і грашовыя прэміі па 115 рублёў.  

НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Сяргей Андруш (злева) і першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Мікалуцкі ўручаюць узнагароды тэхніку-асемянатару КСУП "Урыцкае" Марыі Мілер.

Фота Андрэя Феакцістава і аўтара.

Штогадовы конкурс работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы  сабраў прадстаўнікоў з усіх раёнаў вобласці ў Калініна
Прочитано 980 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Май 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Яндекс.Метрика