Мы в соцсетях

Народная творчасць — падмурак, які аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, тых, хто неабыякава ставіцца да лёсу нацыянальнага скарба. Традыцыі і абрады робяць нас адметнымі і даюць магчымасць захаваць пераемнасць пакаленняў, пашыраюць інтарэс да самабытнай культуры роднага народа. У гэтым перакананы Віктар Шыпкоў — знаўца і захавальнік таямніц народнай мудрасці, якія зашыфраваны ў фальклоры.

Віктар Шыпкоў прадстаўляў Гомельскі раён і яго самабытную культуру на XII рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, дзе заваяваў першае месца ў намінацыі “Ткацтва”, а таксама на фестывалі фальклору “Траецкі карагод” у Ветцы. Дадому таксама вярнуўся з узнагародамі як лепшы гарманіст і саліст.

— У Мінску я быў у складзе дэлегацыі ад Гомельскай вобласці і прадэманстраваў не толькі адноўлены старажытны від пляцення на кругавой аснове — так званы спрэг, але і маркавіцкія жаночыя касцюмы, — зазначае Віктар Шыпкоў. — Жаночы строй у Маркавічах унікальны: ён увабраў у сябе элементы адзення трох памежных краін — Беларусі, Расіі і Украіны. Беларускія матывы прагледжваюцца ў традыцыйным кроі сарочак — з выкарыстаннем геаметрычных і раслінных арнаментаў, колераў. Ад суседак-украінак нашы дзяўчаты ўзялі вянок з рознакаляровымі лентамі і пакрой жылеткі, так званай ушваркі, а з суседняй Расіі — звычай ткаць і вышываць узоры на паясным адзенні рознакаляровымі ніткамі — сінімі, зялёнымі, жоўтымі. Народная спадчына аб’ядноўвае народы — і маркавіцкі строй таму добры прыклад.

Інтарэс да народнай творчасці ў маладога чалавека абудзіў ягоны настаўнік Рыгор Басаў, аматар фальклору. Зараз Рыгор Ціханавіч — манах і святар, служыць Богу. Але ж сваіх вучняў ён заахвоціў да даследчай дзейнасці, захавання скарбаў народнай спадчыны. Віктар Шыпкоў стаў адным з апантаных яго паслядоўнікаў. Калі ад старэйшых жыхароў чуў казкі і песні, запамінаў іх альбо запісваў, а пазней самастойна асвоіў ігру на гармоніку-двухрадцы. Так што цяпер спявае старажытныя песні пад асабісты акампанемент. Зацікавіўся і вывучыў розныя найгрышы, а таксама мелодыі народна-побытавых танцаў.

Асаблівае значэнне для фалькларыста набыў абрад Сула, які адзначаецца на другі дзень Уваскрасення Хрыстова. Некаторы час таму ён быў прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь, і Віктар Шыпкоў зрабіў нямала, каб гэта падзея адбылася. Цяпер пра Сулу ведаюць нават за мяжой, цікавяцца народнай спадчынай Гомельшчыны.

— Гэтым абрадам зацікавіліся нават нашы землякі, якія жывуць у Сібіры, — расказвае Віктар Шыпкоў. — Іх продкі трапілі туды рознымі шляхамі: адны — як першапраходцы, другія ў гады рэпрэсій былі сасланы. Аднак нашчадкі захацелі далучыцца да спадчыны продкаў і запрасілі прыехаць некалькіх работнікаў культуры і аматараў фальклору з Гомельскай вобласці. Была толькі адзіная ўмова: прадэманстраваць і падзяліцца аўтэнтычным матэрыялам, не адаптаваным да сцэны. Дарэчы, у Сібіры я сустрэў тых, хто раней жыў у Маркавічах. Здагадваецеся, як ззялі іх вочы, калі яны пачулі песні, што калісьці мне спявалі бабуля і прабабуля! А таксама распытвалі пра тое, як праводзіцца калядны абрад услаўлення нараджэння Хрыстова “Звязда”, які захаваўся на нашай агульнай малой радзіме.

Віктар Шыпкоў разам з жонкай Валерыяй дбайна захоўвае традыцыі і абрады сваіх продкаў, перадае іх сваім дзецям, шчодра дзеліцца з аднавяскоўцамі і землякамі багатымі скарбамі роднай зямлі.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.

Віктар Шыпкоў: "Народная творчасць — падмурак, які аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту"
Прочитано 406 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика