Мы в соцсетях

Калісьці Чкалава, старажытнае паселішча, заснаванае яшчэ ў XVIII стагоддзі, было вядома як вёска Жаробнае. І дагэтуль карэнныя жыхары аддаюць перавагу старой назве, нягледзячы на тое, што новае найменне населены пункт атрымаў у гонар славутага лётчыка. Невялікую экскурсію па сваёй малой радзіме для журналістаў “Маяка” правяла бібліятэкар Чкалаўскай бібліятэкі Надзея Клімовіч. Сустрэліся мы ў доме яе матулі Настассі Якаўлеўны, якая хутка адзначыць сваё 90-годдзе.

IMG_154497.JPG

Са старонак фотаальбома на нас глядзеў сталы мужчына — Іван Іванавіч Котаў: адзін з карэнных жыхароў вёскі. Прадзеда расказчыцы напаткаў трагічны лёс: пяцёра яго сыноў загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. да самага скону ён клапаціўся і падтрымліваў сваіх малых унукаў, якія засталіся без бацькоўскай любові.

IMG_146449.JPG

IMG_146447.JPG

— Сем’і ў той час былі вялікія: шасцёра-сямёра дзяцей было нормай, — адзначае Надзея Паўлаўна. — Таму нашым бацькам, бабулям і дзядулям цяжка прыйшлося пасля вайны. Але ж усе яны славіліся сваёй працавітасцю, гэта і дапамагло ім пераадолець пасляваенныя цяжкія гады. Многія пасля вучобы пакінулі бацькоўскі дом, але ж нямала засталося іх на малой радзіме. Яны дбайна захоўваюць легенды вёскі, памятаючы гісторыю роднага краю.

IMG_144492.JPG

IMG_154410.JPG

IMG_155502.JPG

Напрыклад, адкуль жа з’явілася першапачатковая назва — Жаробнае? Як расказвалі старыя людзі, калісьці гэтымі мясцінамі праязджаў селянін. Ягоная кабыла павінна была вось-вось ажарабіцца, і гэтая падзея адбылася якраз на мосціку праз рачулку Случ-Мільча (зараз — цэнтр паселішча). Жарабятка нарадзілася жвавенькім і моцным, і людзі вырашылі — гэта добрае месца для жыхарства. Ды і слова “жарабя” указвала на тое, што тут жывуць людзі працавітыя, якія дбаюць пра гаспадарку і свойскую жывёлу.

— Так і ўзнікла назва вёскі — Жаробнае, — дадала Надзея Клімовіч. — Тады паселішча адносілася да Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Жаробным адкрылі народнае вучылішча, бо, паводле перапісу 1897 года, тут ужо налічвалася 215 двароў, пражывала амаль 1 300 чалавек. У вёсцы працавалі хлебазапасны магазін, два ветракі і кузня. Вуліцы, якіх было пяць, амаль да сярэдзіны мінулага стагоддзя не мелі сваіх назваў, жыхары называлі іх хутар, пасёлак, цэнтр… Зараз гэта вуліцы Першамайская, Пралетарская, Новая, Акцябрская.

Захаваўся і старажытны звычай: крыжы на іх перакрыжаванні. Як расказвалі старыя людзі, калісьці жыхароў напаткала цяжкая хвароба, і тады паклікалі святара, каб адслужыць малебны і ўсталяваць крыжы. Зараз захаваўся толькі адзін крыж, і на свята Тройцы тут заўсёды гучаць словы малітваў: людзі просяць Божай засцярогі ад хвароб.  

У 1939 годзе вёска была перайменавана ў Чкалава. На жаль, ніякага дачынення славуты лётчык Валерый Чкалаў да Жаробнага не меў, аднак на патрыятычным уздыме было вырашана назваць паселішча яго імем. У карэнных жыхароў Жаробнага-Чкалава ёсць іншыя матывы для гонару: землякі, якія праявілі гераізм у гады вайны, дасягнулі значных поспехаў у працы, спорце, творчасці. Тут асабліва шануюць мастака Валерыя Ляшкевіча: свае карціны ён дэманстраваў на вуліцы Савецкай і ў парку Гомеля, пабываў у Санкт-Пецябургу, дзе таксама выстаўляў работы ў “вулічнай галерэі”. Пра яго быў зняты фільм-партрэт “Скрыжаванне”. А браты Сяргей і Леанід Марозавы займаюцца разьбой па дрэве: дом Сяргея Марозава на вуліцы Пралетарскай стаў мясцовай знакамітасцю: побач з варотамі знаходзіцца вялікі лебедзь-клумба, а ў палісадніку — выразаныя з дрэва звяры. Летам дачнікі часта праводзяць фотасесіі і дзякуюць майстру за добры настрой. Зараз Сяргей Марозаў выразае з дрэва абразы святых, выкарыстоўвае пры гэтым дзве тэхнікі разьбы.

IMG_155547.JPG

IMG_155545.JPG

IMG_157335.JPG

IMG_155555.JPG

IMG_154457.JPG

Яшчэ адзін ураджэнец Чкалава, майстар спорту міжнароднага класа па сілавым трохбор’і Леанід Лабачоў удзельнічаў у XXVI Алімпійскіх гульнях у Атланце, бронзавы прызёр чэмпіяната міра 1994 года, пераможца чэмпіяната Еўропы 1995 года…

— Дарэчы, многія аднавяскоўцы маюць схільнасць да спорту, з іх некалькі — кандыдаты ў майстры спорту, а мая сястра Марыя, якая зараз пражывае ў Расіі, — майстар спорту, — дадала Надзея Клімовіч. — Асаблівай павагай аднавяскоўцаў, як і ўсюды ў сельскай мясцовасці, карыстаюцца і людзі працы: нешматслоўныя, руплівыя гаспадары і гаспадыні.

Субяседніца зазначыла, што памяць пра продкаў — гэта не проста ведаць імёны сваякоў. Важна захаваць абрады, што бытавалі калісьці на малой радзіме. І ў гэтым вялікую ролю адыгрываюць установы культуры і адукацыі, якія ў форме тэатралізаваных пастановак узнаўляюць старажытныя звычаі.

IMG_144415.JPG

IMG_166422.JPG

IMG_146624.JPG

Матуля Надзеі Паўлаўны, Настасся Якаўлеўна, раней уваходзіла ў склад краязнаўчага гуртка “Берагіня”, што дзейнічаў пры бібліятэцы. Жанчына з ахвотай паказвала дзяўчынкам, як пралі кудзелю, рабілі ніткі, з якіх потым ткалі тканіну, вязалі снапы падчас жніва. Паказвала, як нашы бабулі і прабабулі прасавалі бялізну, асабліва тканыя льняныя рушнікі: выкарыстоўвалі спецыяльныя драўляныя прылады, так званыя качолкі.

Зараз у Чкалаве, на жаль, большасць дамоў — сезоннага пражывання, аднак карэнныя жыхары спадзяюцца, што іх утульная вёсачка зноў стане вялікім паселішчам, у якога наперадзе — нямала славутых старонак гісторыі.

Калі мы ішлі па вясковай вуліцы, фотакарэспандэнт “Маяка” Марына Васільева заўважыла адну асабліваць: на некоторых дамах былі таблічкі з выявамі вядра альбо лапаты. Наш экскурсавод патлумачыла: гэта было зроблена на выпадак пажару, каб гаспадары дома ведалі, з якімі прыладамі бегчы яго тушыць.

IMG_13386.JPG

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара і Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.

Чкалава: легенды старой вёскі з маладой назвай
Прочитано 4145 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика