Мы в соцсетях

15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. 29 гадоў мінула з таго часу. Аднак і дагэтуль шмат супярэчлівых меркаванняў існуе наконт удзелу Савецкай Арміі ў так званых афганскіх падзеях. Адно не выклікае сумнення — нашы вайскоўцы, верныя прысязе, з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак.

Праграма памятнай даты ў Гомельскім раёне заўсёды вызначаецца насычанасцю і разнастайнасцю. Сёлета яна пачалася з экскурсіі ў музеі Зябраўскай сярэдняй школы з удзелам прадстаўнічай дэлегацыі. У яе складзе — старшыня раённай ветэранскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Алег Кавалёў, ваенны камісар Гомельскага раёна Дзмітрый Калеснікаў, старшыня Гомельскай раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Карчэўскі, яе ганаровы старшыня, ветэран вайны палкоўнік Міхаіл Рычкоў, а таксама Станіслаў Матлахоў, Леанід Ігнаткевіч, Барыс Казлоўскіх — старшыні ветэранскіх пярвічак з Чонак, Прыбыткаў і Зябраўкі, старшыня Прыбыткаўскага сельвыканкама Галіна Чумакова. Моладзь раёна прадстаўляла Ганна Савенка — першы сакратар Гомельскай раённай арганізацыі БРСМ.

Потым у школе адбыўся ўрок мужнасці з мультымедыйнай прэзентацыяй, арганізаваны пры актыўным удзеле педагагічнага калектыву школы на чале з дырэктарам установы Яўгеніі Цымбалавай. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых. Усе, хто выступіў перад школьнікамі, неаднаразова падкрэслівалі важнасць захавання міру, асабліва ў цяперашняй няпростай геапалітычнай сітуацыі.

— Практычна на ўсіх кантынентах савецкія воіны ў той ці іншай ступені прымалі ўдзел у ваенных канфліктах. Але найбольш выпрабаванняў выпала на долю воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія служылі ў Афганістане, — падкрэсліў ваенны камісар Гомельскага раёна Дзмітрый Калеснікаў, звяртаючыся да школьнікаў. — Таму хацелася б пажадаць вам, дарагія рабяты, не перажыць таго, што выпала на долю нашых прадзедаў, дзядоў. Каб кожны з вас, перш за ўсё, цаніў і зберагаў тое, што забяспечылі нам з вамі нашы ветэраны.

Два ўраджэнцы нашага раёна загінулі ў Афганістане. Сяржант Ігар Капота з вёскі Прыбыткі 27 верасня 1985 года быў цяжка паранены і памёр ад ран. Груз 200 атрымалі бацькі авіямеханіка прапаршчыка Уладзіміра Старавойтава. Ура-джэнец вёскі Клімаўка загінуў пры выкананні баявога задання 18 чэрвеня 1986 года. Удзельнікі мерапрыемства наведалі магілы герояў і ўсклалі вянкі.

Наступным пунктам праграмы стаў аграгарадок Пакалюбічы. Тут у Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбыўся вечар-сустрэча воінаў-аф-ганцаў, якія пражываюць на тэрыторыі раёна. Сюды прыйшлі Мікалай Дарошкін, Мікалай Цітоў, Сяргей Голік, Фёдар Бляскін, Васіль Петрашэнка, Мікалай Асіпенка, Сяргей Фядосаў. На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Сустрэчы папярэднічала экспазіцыя, прысвечаная памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. На стэндах былі прадстаўлены матэрыялы аб воінах-інтэрнацыяналістах, якія служылі ў Афганістане. Кароткая біяграфічная даведка, а побач — два фотаздымкі — тых 18-гадовых і цяперашніх.

— Самае каштоўнае, што хацелася б асабліва адзначыць з экспанатаў, гэта лісты вайны — сведкі вялікай і светлай любові Сяргея Каленчукова і Людмілы Малынавай, — звяртаючыся да прысутных, сказала загадчык музею Кацярына Варабей. — Гэта — 163 лісты, з якіх не ўцалеў толькі адзін. Людміла Васільеўна правяла яго ў армію, верна чакала і дачакалася малодшага сяржанта. Дарэчы, 14 лютага яны адзначаюць чарговую гадавіну шлюбу.

Перад ліцэістамі выступіў Міхаіл Рычкоў. Ён расказаў кадэтам аб сваім баявым шляху, пасляваеннай службе ва Ўзброеных Сілах. Старшыня Чонкаўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі палкоўнік Станіслаў Матлахоў сам непасрэдна прымаў удзел у той вайне. Ён прайшоў выпрабаванне на трываласць духу і моц баявога братэрства на зямлі Афганістана.

Падчас сустрэчы ў музеі нарадзілася ініцыятыва па стварэнні друкаванага фотаальбома пад назвай “Час выбраў нас”. Прапанавана сабраць матэрыялы не толькі аб афганцах, але і аб усіх воінах-інтэрнацыяналістах, якія выконвалі свой воінскі абавязак у розных гарачых кропках нашай планеты. Гэта стала б добрым падарункам і годнай памяццю да 30-годдзя вываду савецкіх войс-каў з Афганістану.

Дзень памяці завяршыў канцэрт у мясцовым доме культуры. Пранізлівыя песні розных часоў у выкананні вакалістаў мастацкай самадзейнасці не пакінулі абыякавымі тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць загінуўшых і тых, хто насуперак усяму вярнуўся жывым да родных і блізкіх.

 

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адзначылі ў Гомельскім раёне
Прочитано 1316 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика