Мы в соцсетях

У народнага пісьменніка БССР, класіка айчыннай літаратуры Івана Шамякіна заўсёды былі цесныя сувязі з Гомельскім раёнам. Незабыўныя часіны дзяцінства ён правёў у вёсцы Цяруха, і менавіта тут пазнаёміўся з дзяўчынкай, якая праз шмат гадоў стала яго спадарожніцай жыцця і правобразам лепшых гераінь яго твораў.

У свой час Іван Шамякін, успамінаючы дзяцінства, пісаў: “Пайшоў у школу ў Церуху — ў сяло, якое ўвайшло ў маю біяграфію больш трывала, чым Карма”. Між тым, правучыўся ён тут менш года — бацьку, які быў лесніком, перавялі на іншае месца службы. А цёплыя успаміны засталіся. Калі ж праз сем гадоў ён выпадкова сустрэў у Гомелі былую аднакласніцу Машу з Церухі, сумненняў ужо не было — гэта лёс.

Да гэтага часу ў вёсцы захаваўся дом, які называюць “дачай Шамякіна” (праўда, жывуць у ім ужо іншыя гаспадары). Цікава, што зруб пад яго быў зроблены яшчэ тады, калі Іван Пятровіч працаваў настаўнікам. А пазней ён вырашыў за Сталінскую прэмію, якой быў адзначаны раман “Глыбокая плынь”, завяршыць будаўніцтва.

Шамякіны прыязджалі сюды кожнае лета і менавіта тут былі створаны раманы, якія ўвайшлі ў скарбонку беларускай савецкай літаратуры, — “У добры час”, “Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”. Аднойчы вясковы дом нават стаў месцам здымак фільма “Веснавыя навальніцы” рэжысёра Мікалая Фігуроўскага.

Вёску ў Гомельскім раёне Іван Пятровіч лічыў адным з самых дарагіх для свайго сэрца куточкаў. Невыпадкова ён гаварыў: “Калі я еду ў Церуху, я еду дадому”.

У сярэдзіне 60-х гадоў Іван Шамякін аказаў дапамогу ў адкрыцці новага будынка Цярухскай школы. Сувязь паміж ім і мясцовымі вучнямі, настаўнікамі падтрымлівалася цесная: абменьваліся лістамі, віншаваннямі са святамі. Самымі цікавымі для дзяцей былі ўрокі літаратуры, на якіх расказвалі пра знакамітага земляка.

У музеі Цярухскай сярэдняй школы зараз захоўваецца нямала асабістых рэчаў пісьменніка, а школьнікі часта пра-водзяць тут экскурсіі для гасцей.

Ёсць у нашым раёне і яшчэ адна вёска, што цесна звязана з іменем Шамякіна — Пракопаўка. У першыя пасляваенныя гады Іван Пятровіч працаваў тут настаўнікам, адчасова збіраючы матэрыл для сваёй першай кнігі, а яго жонка Марыя Філатаўна заведвала мясцовым ФАПам.

Шамякін наведваў наш раён з творчымі сустрэчамі, з задавальненнем бываў у гаспадарках, выступаў у сельскіх клубах. Аўдыторыя яго чытачоў была самай шырокай. Прадстаўнікі розных прафесій выказвалі свае пажаданні знакамітаму аўтару — напрыклад аб тым, што трэба напісаць твор аб жыцці працаўнікоў сельскай гаспадаркі з Гомельскага раёна.

Раманы Івана Шамякіна і зараз чытаюць з задавальненнем — бо яны аб вечных пошуках ісціны, шчырых пачуццях, аб людзях, з якіх хочацца браць прыклад . А тое, што класік меў непасрэднае дачыненне да Гомельскага раёна, толькі павышае цікавасць да яго творчасці.

Ірына Трыпузава.

Іван Шамякін: «Калі я еду ў Церуху, я еду дадому»
Прочитано 565 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика