Мы в соцсетях

Мала каму ўдавалася так проста і шчыра  расказаць аб Вялікай Айчыннай вайне і яе “героях без зброі” — звычайных людзях, мірных жыхарах, як нашаму земляку – Івану Кірэевічу Сяркову, ураджэнцу вёскі Пакалюбічы. На працягу многіх дзесяцігоддзяў менавіта з яго твораў хлопчыкі і дзяўчынкі даведваліся аб тым, што давялося перажыць у гады ваеннага ліхалецця іх равеснікам і захапляліся жыццялюбствам і няўрымслівасцю галоўных герояў трылогіі — “Мы з Санькам у тыле ворага”, “Мы — хлопцы жывучыя” і “Мы з Санькам — артылерысты”.

Драматург Васіль Ткачоў успамінаў, што ў свой час ідэя напісаць твор для дзяцей з'явілася ў будучага класіка дзіцячай літаратуры дзякуючы сябрам і нашай газеце “Маяк”. Іван Кірэевіч працаваў тады ў гомельскай “раёнцы і да яго нярэдка заходзілі іншыя журналісты і літаратары. Гаварылі пра жыццё, успаміналі розныя гісторыі. Многія адзначалі, як цікава расказвае Сяркоў пра сваё ваеннае дзяцінства. І аднойчы тэлевізіёншчык Леанід Гаўрылкін параіў напісаць на аснове гэтых успамінаў кнігу.

Пэўны літаратурны вопыт у Сяркова быў: ён пісаў вершы і гумарэскі. Прыслухаўся і да парады сябра, але наказ яго выканаў толькі праз некалькі гадоў, калі ўжо сам з'яўляўся рэдактарам Гомельскага абласнога тэлебачання.

Дэбют стаў вялікім поспехам: аповесць “Мы з Санькам у тыле ворага” на рэспубліканскім конкурсе на лепшую кнігу для дзяцей, прысвечаным 50-годдзю Савецкай дзяржавы, 50-годдзю БССР і 100-годдзю з дня нараджэння У.І. Леніна, была адзначала другой прэміяй. Праз два гады з друку выйшаў працяг — аповесць “Мы — хлопцы жывучыя”, якая таксама атрымала высокую ацэнку: стала лаўрэатам першай прэміі Усесаюзнага конкурса на лепшы твор мастацкай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Не засталася без узнагароды і трэцяя частка трылогіі — “Мы з Санькам — артылерысты”, якую адзначылі першай прэміяй Беларускага рэспубліканскага конкурса.

А галоўнае, што гэтыя кнігі палюбілі чытачы. Творы Сяркова былі пераведзены на рускую, украінскую, літоўскую, латышскую, малдаўскую, армянскую і балгарскую мовы. З розных краін аўтару прыходзілі шчырыя лісты са словамі падзякі: у вобразах галоўных герояў чытачы бачылі сябе, сваіх бацькоў, усіх людзей, якіх не зламалі вайна і гады акупацыі.

Сёння супрацоўнікі Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея з задавальненнем правядуць для ўсіх жадаючых экскурсію па “сяркоўскіх” мясцінах. Аматары знакамітай трылогіі могуць сваімі вачыма ўбачыць тыя вуліцы, на якіх жылі героі іх любімых твораў і дом, дзе нарадзіўся і вырас Іван Кірэевіч.

На кожнай старонцы сваіх аповесцяў аўтар з любоўю апісвае родныя Пакалюбічы (у кнігах —Падлюбічы), простых вяскоўцаў, якія мужна пераносяць усе жыццёвыя выпрабаванні, не трацяць надзеі і веры ў лепшае. І нават у самых цяжкіх абставінах не развітваюцца з гумарам і душэўнай цеплынёй. Такая шчырасць не можа не кранаць, і менавіта ў ёй сакрэт шматгадовай папулярнасці трылогіі Івана Сяркова.

Ірына Трыпузава.

Іван Сяркоў: класік дзіцячай літаратуры з Пакалюбіч
Прочитано 771 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Май 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Яндекс.Метрика