Мы в соцсетях

Працягваем цікавыя падарожжы па Гомельскаму раёну, і ў чарговую вандроўку журналістаў “Маяка” паклікала народнае свята Масленіца. У аграгарадку Цярэшкавічы больш за чвэрць стагоддзя дзейнічае народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька”, якое шмат увагі надае захаванню традыцыйнай беларускай кухні. Таму мы наведалі ўдзельнікаў гэтага творчага калектыву, каб яны расказалі пра кулінарныя асаблівасці сваёй малой радзімы.

Але як расказваць пра кулінарныя традыцыі і не гатаваць пры гэтым стравы, пра якія ідзе гаворка? Таму нас гасцінна запрасіла да сябе адна са старэйшых удзельніц аматарскага аб’яднання, бібліятэкар філіяла цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гомельскага раёна “Цярэшкавіцкая бібліятэка” Вікторыя Чаброва. Пра кулі-нарныя традыцыі роднага краю таксама расказалі кіраўнік творчага калектыву Дар’я Свірыдава і культарганізатар мясцовага дома культуры Артур Чаброў.

outgoufgu_4.JPG

— Традыцыйна на Масленічным тыдні гаспадынькі гатуюць смачныя бліны, аладкі і сырнікі, — адзначыла Вікторыя Чаброва, наліваючы на патэльню чарговую порцыю цеста. — І кожная выкарыстоўвае сямейныя рэцэпты, бо камусьці даспадобы танюсенькія наліснікі з салодкай начынкай, а хтосьці любіць тоўсценькія бліны з мачанкай.

outgoufgu_5.JPG

Завіхаючыся ля пліты, Вікторыя расказала рэцэпт сваёй бабулі Анастасіі, па якім на працягу дзесяцігоддзяў гатуе смачную ежу яе сям’я.

Нам патрэбны 4 яйкі, 1 літр малака, 3 сталовыя лыжкі цукру, крыху солі, 2 стаканы мукі і 3 сталовыя лыжкі алею. Узбіваем цеста і выпякаем тонкія блінчыкі на патэльні.

outgoufgu_1.JPG

— Для іх звычайна рыхтавалі розныя начынкі, але ж у нас часцей за ўсё гатуюць з яблыкаў, тварагу, у які дадаюць крыху ваніліну, цукру і жаўток аднаго яйка. Тыя, хто любіць востры смак, з задавальненнем начыняюць бліны чырвонай ікрой рачных рыб, — дадала Вікторыя Чаброва. — Дарэчы, многія аднавяскоўцы і самі нарыхтоўваюць гэтыя прысмакі: цярэшкавіцкі край слаўны сваімі вадаёмамі і добрай рыбалкай.

outgoufgu_2.JPG

А вось у сям’і Чабровых попытам карыстаецца салодкая начынка з акцінідзіі. На пасяджэннях аматарскага аб’яднання “Гаспадынька” Вікторыя часта расказвае пра карысныя якасці дэсертаў з гэтай ягады, якая ўтрымлівае больш вітаміна С, чым цытрусавыя і нават чорныя парэчкі:

— Яшчэ мой дзед Іван Ермалаевіч і ягоны сын Анатоль пачалі разводзіць на прысядзібным участку ўнікальныя расліны. А акцінідзію, якая нечым нагадвае ківі, трэба гатаваць пасля таго, як яна стане мяккай. Варэнне з гэтай ягады карыстаецца попытам не толькі ў нашай сям’і.

Кіраўнік творчага калектыву Дар’я Свірыдава больш падрабязна расказала пра ўдзельніц аматарскага аб’яднання:

— У яго склад уваходзяць больш за 20 чалавек рознага ўзросту і, дарэчы, не толькі жанчыны. Напрыклад, пасяджэнні калектыву, якія часта прымеркаваны да свят народнага календара, наведваюць Канстанцін Васільевіч і Раіса Нікіфараўна Восіпавы. Заўсёды рады бачыць і старэйшую ўдзельніцу Рэзеду Кекелеву, якая часта прэзентуе новыя рэцэпты.

У рабоце аб’яднання “Гаспадынька” прымаюць удзел 16-гадовыя Арцём Ціханенка і Арына Чарнаруцкая. Маладыя людзі цікавяцца традыцыйнымі стравамі роднага краю і ўжо самі могуць прыгатаваць некаторыя з іх. Напрыклад, з бульбы.

outgoufgu_3.JPG

— Паўтараючы словы галоўнай гераіні кінафільма “Дзяўчаты”, повара Тосі, з гэтай гародніны можна прыгатаваць вялікую колькасць страў, — уключыўся ў размову Артур Чаброў. — Тыя ж самыя дранікі ў нас гатуюць адмыслова: каб яны былі жоўценькія і не цямнелі, у цеста дадаем цыбулю, адну-дзве лыжкі смятаны, і — кабачок. Восенню і ў пачатку зімы — свежы, а бліжэй да вясны — замарожаны. Для гэтага кабачкі спецыяльна цэлымі замаражваем, а пасля размарозкі іх трэба нацерці на тарцы, як і бульбу.

А яшчэ падчас Масленіцы, калі веруючыя рыхтуюцца да Вялікага посту і пакрысе адмаўляюцца ад мясных страў, гаспадынькі часта гатуюць бульбяныя піражкі з яйкам і зялёнай цыбуляй, смак у якіх як быццам з грыбамі. Цыбулю таксама можна замарозіць, а ў пюрэ лепш дадаць больш мукі.

— Цярэшкавічы славяцца як рыбныя мясціны, таму вяскоўцы дбайна захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне рэцэпты смачных страў, асабліва фаршыраванага шчупака, заліўнога і супоў з рыбнымі фрыкадэлькамі. Яны ўжо сталі адным з кулінарных брэндаў нашага аграгарадка, — адзначыла карэнная жыхарка Вікторыя Чаброва. — Сярод іх — і курыца, фаршыраваная блінамі, смажанка з мясам і бульбай, марынаваныя гуркі па-генеральску. Таму запрашаем да нас у госці: пакаштаваць смачныя стравы і навучыцца іх гатаваць!

Застаецца дадаць, што народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” — пастаянны ўдзельнік рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці “Ад прадзедаў спакон вякоў”. А падчас святкавання Дня народнага адзінства ў верасні мінулага года ўдзельніцы калектыву прэзентавалі свае рэцэпты страў з бульбы на першым “Дранік-фэсце”.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.

Кулінарныя адметнасці Цярэшкавічаў: разам з журналістам “Маяка” гатуем смачныя бліны
Прочитано 862 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Май 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Яндекс.Метрика