Мы в соцсетях

Чарговы выпуск праекта прысвечаны садова-паркавым ансамблям у Гомельскім раёне. Калісьці сярод уладальнікаў маёнткаў было вельмі папулярным побач з домам разбіваць шыкоўныя зялёныя зоны накшталт еўрапейскіх. Дарэчы, часта такія сядзібныя паркі іншаземцы і праектавалі.

Грабаўка: курган у якасці тэатральных падмосткаў

У шматвяковым летапісе вёскі Грабаўка ёсць нямала слаўных старонак. Адна з іх звязана са шляхецкім родам паноў Фашчаў, якія валодалі вёскай (як і некаторымі іншымі населенымі пунктамі раёна) больш за стагоддзе. У школьным гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца некалькі рэліквій, якія расказваюць пра ўклад Фашчаў у эканамічнае і культурнае развіццё населенага пункта. Пры іх былі пабудаваны маслабойня, цукровы і вінакурны заводы, арганізавана скураная вытворчасць, працавалі некалькі млыноў. Па ініцыятыве Фашчаў у Грабаўцы была адкрыта школа. У 1818 годзе пабудавана каталіцкая капліца, а праз паўвека з’явілася і праваслаўная царква.

Менавіта панам Фашчам належала ідэя ўпрыгожыць ваколіцы маёнтка — стварыць садова-паркавы ансамбль. Такія зялёныя зоны былі вельмі папулярнымі сярод памешчыкаў у канцы XVIII – сярэдзіне XIX стагоддзяў. Дагэтуль захаваўся і план-схема парку: “квадраты” яблыневага саду “аздаблялі” ліпавыя алеі. Дарэчы, некалькі тыдняў назад шматлікія энтузіясты працавалі над узнаўленем і захаваннем прыроднай каштоўнасці Грабаўкі: высадзілі новую ліпавую алею, аднак дрэўцы для яе ўзялі са старой — гэта парасткі векавых ліп.

jyhgfyhjfgvyhufgkyhug.jpg

Побач з паркам было створана штучнае возера. Дзеля гэтага сяляне па загаду пана пашырылі і паглыбілі рачулку Грабаўка, прытока Церухі. Дагэтуль захаваўся і курган, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі мясцовага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Некалькі гадоў таму ў вёсцы праводзіліся археалагічныя раскопкі, аднак іх аб’ем быў невялікім. Таму вучоныя і супрацоўнікі музеяў выказваюць намер правесці больш глыбокія доследы тэрыторыі садова-паркавага ансамбля. І ў прыватнасці, кургана і валуноў з петрогліфамі, каб высветліць дакладную дату іх з’яўлення на тэрыторыі стараабрадніцкага паселішча, якой была Грабаўка некалькі стагоддзяў таму назад.

Адна з версій з’яўлення кургана — утылітарная: часта пры сядзібных парках стваралі своеасаблівыя тэатральныя падмосткі, якімі якраз і служылі курганы. Узвышанасць дазваляла ўбачыць дзеянне як на далоні, а з тыльнага боку на “сцэну” падымаліся артысты. Дарэчы, у 2014 годзе вёска стала месцам правядзення рэгіянальнага фестывалю “Грабаўская інтэрмедыя” — рэканструкцыі побыту і значных падзей рэгіёна мінулых стагоддзяў. Вось тады курган і стаў сапраўднай сцэнай на адкрытым паветры.

— Да нашых дзён захаваліся толькі рэшткі старажытнага парку, — расказвае карэнная жыхарка вёскі, дырэктар мясцовага дзіцячага сада – сярэдняй школы Таццяна Мацюшэнка. — Аднак і тое, што мы бачым сёння, выклікае пачуццё гонару за продкаў, бо непасрэдныя работы па разбіўцы сядзібнага парку і высадцы дрэў выконвалі нашы прадзеды — простыя сяляне вёскі Грабаўка. І захаванне выніку іх працы, якім любуецца не адно пакаленне грабаўчан, — наш абавязак.

Старая Беліца: унікальны парк з рэліктавымі дрэвамі

Вёска Старая Беліца падаравала Гомелю не толькі новы раён пад назвай Навабеліца, але і свой герб — рысь. Населены пункт, які з канца XVIII стагоддзя быў уезным горадам, знакаміты яшчэ адной гістарычнай і прыроднай каштоўнасцю — старажытным сядзібным паркам.

Старая Беліца у пісьмовых крыніцах упамінаецца яшчэ ў XV стагоддзі. Пасля далучэння да Расійскай імперыі ў 1777 годзе, яе ўладальнікамі былі Чартарыйскія, Румянцавы, старажытны руска-літоўскі род Перасвет-Солтанаў. Адзін з уладальнікаў — памешчык Станкевіч — і распачаў будаўніцтва сядзібы. Цэнтрам стаў капітальны двухпавярховы будынак, вакол якога і разбілі парк на тэрыторыі 25 гектараў.

hyxkhyjckj.jpg

— Ён знакаміты рэліктавымі дрэвамі, што ставіць яго ўровень са знакамітым гомельскім паркам — “жамчужынай” палаца-паркавага будаўніцтва, — расказвае жыхарка Старой Беліцы Ларыса Грыгарэнка, загадчык мясцовага клуба-бібліятэкі. — Дагэтуль захаваліся і старажытныя валуны з петрогліфамі — выбітымі надпісамі.

Дарэчы, праект парку быў даволі незвычайным: у цэнтры “кампазіцыі” знаходзіўся панскі дом, ад якога, як праменні ад сонца, разыходзіліся ў розныя бакі прамыя алеі. З цягам часу засталіся некалькі відаў каштоўных дрэў, у ліку якіх былі амерыканскі клён, блакітныя елі і іншыя экзоты. Як і ў Грабаўцы, у парку таксама быў курган, дзе размяшчалася альтанка. Раней мясцовыя жыхары чамусьці называлі гэтую ўзвышанасць “бянзінкай”. На жаль, да гэтага часу ад кургана амаль нічога не засталося…

Як расказала дырэктар мясцовай пачатковай школы Ірына Лысянкова, педагогі з вучнямі часта наведваюць старажытны парк, каб дакрануцца да мінулага.

jrfgjxdftgjdcxgyj.jpg

— Раней і ўстанова адукацыі размяшчалася ў былым панскім доме, аднак пазней будынак прызналі небяспечным, бо тут было пячное ацяпленне, — расказала Ірына Аляксандраўна. — На жаль, да нашых дзён сядзіба Солтан-Перасветаў не захавалася…

Каб не згубіць унікальныя садова-паркавыя ансамблі ў Гомельскім раёне, якія маюць вялікую гістарычную каштоўнасць, трэба аб’яднаць намаганні ўсіх — мясцовых улад, жыхароў, вучоных і аматараў гісторыі.

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара і Ірыны ЛЫСЯНКОВАЙ.

Праект “Бацькаўшчына: Гомельскі раён у люстэрку часу”: Садова-паркавыя ансамблi ў Гомельскім раёне
Прочитано 1126 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика