Мы в соцсетях

Абласное свята аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, якое праводзіцца ўжо ў другі раз, сёлета прымала гасцінная Буда-Кашалёўшчына. На яго сабраліся знаўцы і захавальнікі народных традыцый з 11 раёнаў вобласці. Сярод іх — і нашы землякі з Урыцкага, падрыхтаваўшыя традыцыйны абрад Багач, які азначае заканчэнне сельскагаспадарчых работ.

1gdgjgh.jpg

Як адзначыла мастацкі кіраўнік Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу Рыма Лянкова, народнае аматарскае аб’яднанне “Скарбніца” дбайна захоўвае старажытныя народныя абрады і традыцыі:

— Сярод іх вялікае месца займаюць святы, звязаныя з сельскай гаспадаркай. Напрыклад, восеньскія былі прызваны аддзячыць зямельцы-маці за добры ўраджай. Штогод мы праводзім абрад Багач, заснаваны на ўспамінах старажылаў і, у прыватнасці, маёй маці Марыі Іванаўны. Менавіта ад яе мы запісалі тэксты традыцыйных песень “Ой, позна-позна” і “Даліна-далінушка”, якія спявалі падчас гэтага абраду.

Багач заўсёды пачынаўся на вуліцы: вяскоўцы бралі невялікую калоду, якую таксама называлі “багач”, і хадзілі з ёй па хатах. Пыталіся, ці завяршылі гаспадары ўсе работы: “Бульбачка выкапана? А бурачкі ўжо ў пограбе ляжаць?”. Кожная жанчына абавязкова кідала ў “багач” па тры жменькі зерня сёлетняга ўраджаю, а ўдзельнікі абраду запрашалі яе з мужам далучыцца да святкавання.

— Дзеля гэтага выбіралі хату. Гаспадару ўручалі “багача”, ён запальваў свечку і чытаў малітву, а потым дбайна захоўваў зерне, — працягвае Рыма Лянкова. — Наступнай вясной менавіта гэтыя зярняткі сыпалі ў раллю першымі, каб ураджай быў добрым. Яшчэ адным галоўным атрыбутам абраду быў каравай, які павінны былі пакаштаваць усе прысутныя. Аднак першую лусту аддавалі “птушкам на вырайчык”.

Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Скарбніца” з захапленнем прымаюць удзел у правядзенні аўтэнтычных абрадаў, на якія запрашаюць усіх жадаючых. Некалькі гадоў назад Багач адбыўся, як і ў даўніну: аматары народных традыцый з “багачом”-дзежкай прайшлі па вуліцах населенага пункта, пазычылі аднавяскоўцам і на наступны год быць з добрым ураджаем. Потым усіх жадаючых запрасілі ў адну хату, дзе спявалі абрадавыя песні і танцавалі старажытныя народна-побытавыя танцы.

2hmjgmkvfhkj.jpg

— Для Урыцкага абрад Багач, які праводзіцца ў канцы верасня, мае асаблівае значэнне, — расказала адна са старэйшых удзельніц аматарскага аб’яднання Галіна Коваль. У гэты час мы таксама адзначаем прастольнае свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Да таго ж гэта і ўшанаванне жанчыны-маці, гаспадыні і захавальніцы сям’і.

Па словах кіраўніка аматарскага аб’яднання “Скарбніца” Мікалая Бобікава, да абласнога свята былі падрыхтаваны народна-побытавыя танцы “Падыспань”, “Кракавяк”, ”Месяц”, а салістка Кацярына Капюшон выканала народную песню, якая таксама мела дачыненне да абраду.

Дарэчы, у Буда-Кашалёве адзін з аматарскіх калектываў вобласці пра-дэманстраваў такі ж абрад, але адразу азначыў, што гэта — тэатралізацыя. Таму Багач у выкананні урыцкіх захавальнікаў народных традыцый стаў свайго роду крыніцай звестак пра аўтэнтычны абрад.

— У ім не павінна быць нічога лішняга, усё мае асаблівае сімвалічнае значэнне, — дадала Рыма Лянкова. — Нават “багач” драўляны, як было ў нашых продкаў. Захаванне да дробязяў абрадавых дзеянняў гарантуе, што Багач будзе і надалей аб’ядноўваць вяскоўцаў.

fdhbdhfgh.jpg

cvgnjghmjhgfk.jpg

Ірына ГРАМЫКА.
Фота прадаставіла Рыма Лянкова.

Народнае аматарскае аб’яднанне “Скарбніца” прыняла удзел у абласным святе на Буда-Кашалёўшчыне
Прочитано 551 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Декабрь 2023 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика